Ці рэдагавалі відэа аварыі з удзелам байкера і афіцэра ДАІ?

Ці рэдагавалі відэа аварыі з удзелам байкера і афіцэра ДАІ?

Вядомы блогер Васіль Целагрэйкін выказаў недавер апублікаванаму Следчым камітэтам відэа аварыі з удзелам байкера і афіцэра ДАІ. У сваёй суполцы ў Facebook ён параўноўвае раскадроўку відэа з фота, якія публікавалі СМІ ў дзень здарэння. На фота на шлеме матацыкліста добра бачна мацаванне для камеры відэарэгістратара. А на відэа яно нібыта знікае!

“Сябры! Гэта такая загадка для ўдзельнікаў суполкі. Я яе разгадаў… А вы?” — з’едліва піша вядомы змагар з ДАІ. Безліч каментарыяў пад пастом зводзіцца да двух варыянтаў: “Відэа канфіскавалі, а шлем замянілі” ды “Відаць, мацаванне рэгістратара проста на відэа замазалі”.

Афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта РБ Юлія Ганчарова кажа Еўрарадыё, што сама зацікавілася такім абвінавачваннем. Нават давялося пераглядаць відэа са спецыялістамі, каб пераправерыць яго сапраўднасць.

“Мы ж самі рыхтавалі відэа, не хтосьці там нам аддаў, а мы апублікавалі, — кажа Юлія Ганчарова. — Мы непасрэдна і мантавалі. Рабілі так, каб усе гэтыя тры камеры, якія былі канфіскаваныя (адна з патрульнай машыны, дзве — з грамадзянскіх), нармальна глядзеліся. Таму мне проста было цікава, як такое магчыма. Але разабраліся. Усе відэакамеры, якія знаходзіліся ў справе, былі прадстаўленыя грамадскасці. Таму мацаванне — так мы бачым, але і на відэа я яго таксама бачыла, мне паказвалі спецыялісты”.

Еўрарадыё таксама рупліва вывучыла відэа здарэння. Сапраўды, мацаванне для камеры ніхто не заціраў і шлем не падмянялі. Проста яго складана заўважыць праз дрэнную якасць відэа і пярэсты фон.

Застаецца пытанне, ці быў увогуле відэарэгістратар на шлеме байкера і ці не зваліўся ён яшчэ на пачатку канфлікту з афіцэрам ДАІ. Жонка матацыкліста Вольга перакананая, што камеры ў мужа не было.

“Цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА, — кажа Вольга. — Стан здароўя ў яго нармальны. У яго ж была чэрапна-мазгавая траўма, але ў СІЗА ж такога абследавання, каб прайсці. Але нібы не скардзіцца. Цяпер мы чакаем даты суда. Следства скончанае, справа перададзеная ў суд, але дата пакуль не назначаная”.

18 красавіка кіроўца матацыкла Suzuki Bandit выляцеў на скрыжаванне праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова ў Мінску разам з інспектарам ДАІ, які літаральна вісеў на правай руцэ байкера. За тры секунды яны амаль цалкам перасеклі праспект і трапілі пад машыну інкасатараў.

Раней Еўрарадыё паразмаўляла з афіцэрам ДАІ, які прызнаўся, што не памятае акалічнасцяў здарэння і цяпер чакае аперацыі па аднаўленні чэрапа.

Байкеру прад'яўленае абвінавачванне па ч. 1 арт. 363 (супраціўленне супрацоўніку міліцыі) і ч. 2 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі