Ціханоўская адмяніла сённяшні мітынг у парку Дружбы народаў
Кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская адмяніла сённяшні мітынг у парку Дружбы народаў у Мінску. Прычына — дзеянні ўладаў, якія арганізавалі "святочнае мерапрыемства" на тым жа месцы. Прэс-служба Ціханоўскай назвала іх "абсалютна незаконнымі". Як вядома, раней сустрэчы Святланы Ціханоўскай з выбарцамі былі сарваныя ўладамі ў Слуцку і Салігорску. Там нават затрымалі два дзясяткі людзей.
"Мы абскардзілі гэтае рашэнне ў Генеральную пракуратуру, ЦВК і Мінгарвыканкам, але мы не будзем правакаваць людзей", — піша прэс-служба.
Але ў 19:00 кандыдат у прэзідэнты разам з Веранікай Цапкала і Марыяй Калеснікавай, "як грамадзяне Рэспублікі Беларусь", наведаюць Кіеўскі сквер у сталіцы — там будзе праходзіць арганізаваны гарадскімі ўладамі "Дзень адкрытых дзвярэй установаў дадатковай адукацыі".
На відэа — сённяшні стрым Еўрарадыё з парку Дружбы народаў, куды сёння каманда Ціханоўскай спрабавала завезці апаратуру для мітынгу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.