Ціханоўская: па тэлевізары не пакажуць, што ў Лукашэнкі вельмі нізкі рэйтынг
21 ліпеня кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на тэлеканале "Беларусь 1". З 30 хвілін яна выкарыстала крыху больш за 15, аднак паспела расказаць пра многае.
"Мой муж Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА, таму што хацеў лепшага жыцця для беларусаў. Мае дзеці кожны дзень пытаюцца, калі вернецца іх тата, — гаварыла Ціханоўская. — Я хачу стаць прэзідэнтам, каб аднавіць справялівасць у гэтай краіне. Год таму мой муж Сяргей Ціханоўскі стварыў праект "Краіна для жыцця". У ім ён расказваў пра карупцыю і бесгаспадарчасць, сустракаўся з людзьмі розных прафесій, ездзіў па Беларусі і слухаў простых людзей з вёсак і маленькіх гарадоў. У іх расказах было шмат болю, шмат расчаравання, шмат неразумення, чаму яны так кепска жывуць. Гэта былі шчырыя гісторыі пра тое, у якіх умовах жыве большая частка беларусаў, пакуль іх урад памнажае палацы, самалёты, катэджы ў Драздах".
Ціханоўская заявіла, што праект Сяргея напалохаў уладу, яго не зарэгістравалі, а пасля ў выніку правакацыі арыштавалі. "Улады... думалі, што на гэтым усё скончыцца. Яны не зразумелі, што ўсё толькі пачынаецца!", — падкрэсліла кандыдат у прэзідэнты.
"Я раскажу пра тое, што насамрэч адбываецца ў краіне.., — працягвала Святлана Ціханоўская. — Па тэлевізары не пакажуць, што ў дзейнага прэзідэнта вельмі нізкі рэйтынг і яго падтрымлівае вельмі мала людзей. Але гэта праўда!".
Яна гаварыла пра палітвязняў, пра тысячы людзей, якія стаялі ў ланцугах салідарнасці, і на якіх кінулі АМАП. "Па тэлевізары вам не пакажуць, што большасць людзей супраць гэтай улады і хочуць новага прэзідэнта", — гаварыла Ціханоўская.
Яна сказала, што з ТБ таксама беларусы не могуць даведацца пра тое, што настаўнікаў, якія працуюць у выбарчых камісіях, просяць не фальсіфікаваць выбары. Што "ад каранавіруса памерла нашмат больш людзей, чым кажа Мінаховы здароўя". Што лекарам не хапала ахоўных масак, і людзі збіралі грошы, каб іх купіць. Што "альтэрнатыўных кандыдатаў пасадзілі за тое, што за іх была большасць людзей". Нагадала Святлана Ціханоўская і пра звальненне з тэлеканалаў людзей, якія выказвалі свае погляды.
"Цяпер тэлевізар у гэтай краіне, належыць толькі аднаму чалавеку. Таму тыя, хто глядзяць тэлевізар, ніколі не даведаюцца праўду", — заявіла кандыдат у прэзідэнты.
Ціханоўская: "Галасуючы за мяне, вы галасуеце за новыя, сумленныя і справядлівыя выбары. Толькі так краіна зможа развівацца далей".
Яна заклікала станавіцца незалежнымі назіральнікамі, прыйсці на выбары "менавіта 9 жніўня" ("ніякага датэрміновага галасавання!") і прагаласаваць за яе, і пры патрэбе "абараняць свой голас". Паводле яе слоў, "улада павінна зразумець, што нас большасць". Таму патрэбна "рэкордная колькасць назіральнікаў, каб зафіксаваць рэальны вынік выбараў".
Святлана Ціханоўская заявіла, што Беларусі "патрэбны новыя выбары з празрыстым падлікам галасоў". "Трэба змяніць сістэму, каб уся ўлада не была ў руках аднаго чалавека", — мяркуе кандыдат у прэзідэнты. Яна абяцае, што зробіць "на працягу паўгода ўсе неабходныя дзеянні, каб правесці новыя выбары".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.