Ціханоўская выступіць у камітэце па міжнародных адносінах Сената ЗША
Сенатар ЗША Джын Шахін і Святлана Ціханоўская на сустрэчы ў Вільні / @tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская 9 чэрвеня выступіць на слуханнях у камітэце па міжнародных адносінах Сената ЗША. Анонс мерапрыемства размешчаны на сайце камітэта. Спікерамі на гэтых слуханнях таксама заяўленыя прызначаны амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр і прэзідэнт "Радыё Свабода / Радыё Свабодная Еўропа" Джэймі Флай.
Нагадаем, запрашэнне выступіць у камітэце па міжнародных адносінах Сената Ціханоўская атрымала 1 чэрвеня на сустрэчы з амерыканскімі сенатарамі ў Вільні. Сенатар Джын Шахін на той сустрэчы казала, што ў пытанні Беларусі Рэспубліканская і Дэмакратычная партыі ЗША аднадушныя і маюць намер падтрымліваць беларусаў. Час заяў прайшоў, і настаў час рашучых дзеянняў, такі пункт гледжання выказаў падчас размовы з Ціханоўскай сенатар Роб Портман. Каб спыніць беззаконне і самавольства рэжыму, Вашынгтон, па яго словах, гатовы падтрымаць сектаральныя санкцыі.
Ціханоўская са свайго боку казала, што Лукашэнка цяпер стаў пагрозай "не толькі беларускай, але і міжнароднай бяспекі". Яна таксама лічыць неабходным даць выразны сігнал Расіі — данесці да яе думку, што "любыя дамовы, падпісаныя з нелегітымным рэжымам, будуць перагледжаны або адменены". У сувязі з гэтым Святлана Ціханоўская адзначыла важнасць сустрэчы Джо Байдэна з Уладзімірам Пуціным, якая павінна адбыцца 16 чэрвеня ў Жэневе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.