У нас тысячы палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў цяжкім стане. Многія ўтрымліваюцца без сувязі са знешнім светам. Некалькі чалавек ужо загінулі ў зняволенні. Мне падаецца, дыктатары наўмысна правяраюць, наколькі далёка яны могуць зайсці без наступстваў.
Жыцці Мікалая Статкевіча, Віктара Бабарыкі, Машы Калеснікавай і тысячаў іншых людзей зараз напрамую залежыць ад рэакцыі Захаду на забойства Аляксея Навальнага.
Калі справа абмяжуецца "глыбокімі спачуваннямі" (а пакуль што гэта выглядае менавіта так), то нам трэба быць гатовымі да таго, што такія жудасныя навіны будуць з’яўляцца пастаянна.
Трэба прыцягнуць дыктатараў да адказнасці за кожнае ўчыненае імі злачынства. За злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы ва Украіне.
Каб аднавіць справядлівасць — спачатку трэба раскрыць праўду. Менавіта гэтым займаўся Аляксей Навальны ў Расіі. Менавіта гэтым займаўся мой муж у Беларусі.
Дыктатары аддаюць перавагу здзяйсняць свае злачынствы за зачыненымі дзвярыма. Каб пра іх ніхто не ведаў. Таму яны трымаюць палітычных зняволеных без сувязі са знешнім светам. Таму яны нападаюць на незалежных журналістаў і саджаюць іх у турму. Таму яны спрабуюць кантраляваць інтэрнэт.
На жаль, інтэрнэт больш не з’яўляецца прасторай свабоды, як гэта было раней. Дыктатары таксама вучацца. Вучацца адсочваць апанентаў. Дыскрэдытаваць актывістаў. Маніпуляваць грамадскай думкай.
Тэхналогіі, створаныя для дапамогі людзям і распаўсюджвання інфармацыі, тыраны выкарыстоўваюць у якасці зброі. Напрыклад, КДБ Беларусі навучыўся выкарыстоўваць Youtube, каб сеяць страх. Кожны дзень, калі яны кагосьці затрымліваюць і катуюць, яны запісваюць так званыя "пакаяльныя відэа". Яны выкладваюць іх у сетцы і прасоваюць праз рэкламу Google.
Яны таксама навучыліся ствараць дыпфейкі, каб дыскрэдытаваць палітычных апанентаў.
Яны па-майстэрску выкарыстоўваюць скаргі ў сацыяльных сетках. Яны масава рассылаюць скаргі ў Instagram і Facebook, такім чынам блакуючы акаўнты незалежных СМІ і арганізацыяў.
Часам сацыяльныя сеткі ўскосна садзейнічаюць распаўсюджванню прапаганды. На большасці платформаў беларуская мова не падтрымліваецца. У выніку жыхары Беларусі атрымліваюць кантэнт ад Russia Today, Sputnik і падобных медыя.
На жаль, тэхналагічныя кампаніі часам занадта павольна рэагуюць на гэтыя выклікі, не адаптуюць свае алгарытмы і не вырашаюць гэтыя праблемы. Многія з іх не бачаць сэнсу ўкладваць у гэта грошы.
А многія, як сказаў Навальны, не ўсведамляюць сваёй сілы. Асабліва ў такіх аўтарытарных краінах, як Беларусь.
Дарагія сябры, у барацьбе за дэмакратыю немагчыма перамагчы ў адзіночку. Каб перамагчы ў гэтай барацьбе, нам патрэбныя паплечнікі.
Я заклікаю тэхналагічныя кампаніі заставацца на баку дабра. Нам трэба пашыраць супрацоўніцтва паміж урадамі, актывістамі, міжнароднымі арганізацыямі і прыватнымі кампаніямі. Нам трэба зрабіць так, каб лічбавая прастора заставалася прасторай свабоды. Нам патрэбныя надзейныя сродкі камунікацыі і платформы, якія ўзмоцняць нашы галасы. Нам усім трэба не толькі ўсвядоміць сваю сілу, але і выкарыстоўваць яе на карысць. Дзякуй".