Ціханоўская наведвае Брусель па запрашэнні Еўрапарламента
Святлана Ціханоўская / прэс-служба Ціханоўскай
11-14 кастрычніка Святлана Ціханоўская наведае Брусель па запрашэнні Еўрапарламента, паведамляе яе прэс-служба
Ціханоўская выступіць перад Камітэтам па замежных справах ЕС (AFET). Яна раскажа еўрапейскім палітыкам пра заяву Лукашэнкі аб разгортванні аб'яднаных расійска-беларускіх сілаў, пагрозе незалежнасці Беларусі з боку мінскага рэжыму і рэпрэсіях супраць беларусаў. Таксама Ціханоўская прадставіць магчымыя выхады з палітычнага крызісу і вынікі працы беларускіх дэмакратычных сілаў.
У Ціханоўскай запланаваныя ў Бруселі працоўныя сустрэчы з афіцыйнымі асобамі ЕС і дзяржаў-чальцоў, у тым ліку з:
— Рабертай Мецолай (прэзідэнтка Еўрапейскага парламента),
— Аджай Лябіб (міністарка замежных спраў Бельгіі),
— Анітай Дэметрыў (старшыня Палаты прадстаўнікоў Кіпра),
— Адмарам Карасам (першы віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламента),
— Манфрэдам Вэберам (старшыня Еўрапейскай народнай партыі, дэпутат Еўрапарламента),
— Анджэем Галіцкім (дэпутат Еўрапарламента).
Цікава, што візіт Ціханоўскай у Брусель па датах супаў з паездкай Аляксандра Лукашэнкі на Усход. 11-12 Лукашэнка ў Таджыкістане будзе сустракацца з Эмамалі Рахмонам, а 13-14 наведае Астану, дзе пройдзе пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.