Ціханоўская падчас выступу ў ЗША прапанавала стратэгію барацьбы з дыктатурай
Выступ Святланы Ціханоўскай / tsikhanouskaya.org
План барацьбы з беларускай дыктатурай прапанавала Святлана Ціханоўская, выступаючы на форуме Каліноўскага ў Вашынгтоне.
Па яе словах, дыктатура Лукашэнкі трымаецца на рэпрэсіях, грошах і Расіі. "Калі адна ножка адваліцца, крэсла абрынецца", — заявіла палітык.
Ціханоўская прапанавала наступныя сродкі барацьбы:
— пазбавіць рэжым грошай і рэсурсаў. Санкцыі, па яе словах, павінны рэальна прымяняцца і кантралявацца. "Мы павінны агучваць і прысаромліваць усе міжнародныя кампаніі і ўрады, якія ўсё яшчэ вядуць справы з рэжымам", — заявіла яна. Палітык прапанавала Штатам вывучыць магчымасць выкарыстання другасных санкцый, каб выяўляць і блакаваць актывы лукашэнкаўскага рэжыму за мяжой;
— падтрымліваць людзей, якія змагаюцца з рэжымам. Ціханоўская адзначыла, што беларусы на радзіме і ў замежжы па-ранейшаму чыняць супраціў дыктатуры: "Нашы партызаны здзяйсняюць дыверсіі супраць расійскіх цягнікоў, самалётаў і ваеннай тэхнікі. Кіберпартызаны ўзломваюць дзяржаўныя ўстановы і атакуюць прапагандысцкія рупары рэжыму. А беларускія добраахвотніцкія атрады змагаюцца на фронце ва Украіне";
— прыцягнуць вінаватых да адказнасці. Яна прывітала рашэнне Міжнароднага крымінальнага суда выдаць ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і заклікала не забывацца пра Аляксандра Лукашэнку, "які таксама нясе адказнасць за злачынствы супраць чалавечнасці і злачынствы агрэсіі". Ціханоўская прапанавала вызначыць працоўны механізм у рамках міжнародных арганізацый і за іх межамі, які можа дапамагчы аднавіць справядлівасць у Беларусі і Украіне;
— падрыхтаваць новы "план Маршала", каб запабегчы аднаўленню дыктатуры. "Як і ў 1945 годзе, вы можаце дапамагчы аднавіць нашу эканоміку і нашы краіны. Выйграць вайну, не забяспечыўшы мір — значыць, пакінуць дзверы адчыненымі для новага канфлікту", — упэўненая палітык. На яе думку, такі план мае ўключаць Беларусь, Украіну, Грузію і Малдову;
— узмацніць ролю ЗША ў барацьбе супраць тыраніі. "Нарэшце, мы чакаем, што Кангрэс Злучаных Штатаў і прэзідэнт Байдэн стануць чэмпіёнамі ў глабальнай барацьбе супраць тыраніі. Мы бачым ролю Злучаных Штатаў у абароне незалежнасці Беларусі і Украіны ды ў пабудове адзінства дэмакратычных дзяржаў вакол гэтай справы. Для нас важна мець скаардынаваную стратэгію паміж ЕС, ЗША, Вялікабрытаніяй і Канадай", — заявіла Ціханоўская.
Палітык выказала меркаванне, што перамога Украіны ў вайне стане перамогай дэмакратый ва ўсім свеце. "А вызваленне ад дыктатара ў Беларусі стане канчатковай перамогай дэмакратыі ў Еўропе", — заявіла яна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.