Ціханоўская вітае ордэр на арышт Пуціна і заклікае "не забывацца на Лукашэнку"
Святлана Ціханоўская / Офіс Святланы Ціханоўскай
Падчас візіту ў ЗША Святлана Ціханоўская выступіла на Форуме Каліноўскага. Ён праходзіць 23 сакавіка ў Вашынгтоне. У ім удзельнічаюць вядомыя палітыкі і дыпламаты.
"Беларусь павінна ўвайсці ў еўрапейскую сям'ю нацый, стаць надзейным сябрам і саюзнікам у дэмакратычным свеце", — цытуе тг-канал "Позірк" словы Ціханоўскай.
У сваім выступе палітык падкрэсліла, што "дыктатура заразлівая", "тыраны вучацца адзін ў аднаго". Ціханоўская адзначыла, што рэжым Лукашэнкі здолеў захаваць уладу дзякуючы расійскай падтрымцы: "Расія не хоча, каб Беларусь была свабоднай і дэмакратычнай краінай".
Яна вітала рашэнне Міжнароднага крымінальнага суда, які выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і заклікала "не забывацца на Лукашэнку". Ціханоўская падкрэсліла, што Лукашэнка таксама нясе адказнасць "за злачынствы супраць чалавечнасці і агрэсію".
Акрамя таго палітык заклікала вызначыць працоўны механізм у рамках міжнародных арганізацый, "які можа дапамагчы нам аднавіць справядлівасць у Беларусі і Украіне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.