Ціханоўская пракаментавала пачатак завочнага суду над ёй

Святлана Ціханоўская на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе / @tsikhanouskaya
Святлана Ціханоўская на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская, якая цяпер знаходзіцца на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, пракаментавала пачатак завочнага суда над ёй у Беларусі. "Сур'ёзна каментаваць гэты фарс складана, але ігнараваць гэтае парушэнне правоў я не збіраюся", — заявіла яна.

Святлане Ціханоўскай выставілі абвінавачванне па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Яе абвінавачваюць, сярод іншага, у стварэнні экстрэмісцкіх фармаванняў і кіраўніцтве імі, здрадзе дзяржаве, падрыхтоўцы да захопу і ўтрымання будынкаў і збудаванняў, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады. 

Ціханоўская кажа, што пра пачатак працэсу даведалася са СМІ, а не з афіцыйнага паведамлення. "Мне адмовілі ў праве ўдзельнічаць у пасяджэнні, а таксама атрымаць копіі абвінавачвання і пратаколаў. А імя і прозвішча майго "абаронцы", прызначанага судом, мне паведамілі толькі ў мінулую пятніцу", — кажа яна. Звязацца з адвакатам, каб абмеркаваць стратэгію абароны, у яе не атрымалася.

"Як ён збіраецца мяне абараняць? Упэўненая, што гэта і не ўваходзіла ў яго планы", — мяркуе Святлана Ціханоўская. Яна таксама звярнулася да ўдзельнікаў працэсу і папярэдзіла, што запалохаць яе не атрымаецца. “За гэтыя два гады са мной, як і з усімі беларусамі, адбыліся вялікія трансфармацыі. Мы кожны дзень глядзім у вочы страху і стомленасці — і працягваем працаваць дзеля Беларусі будучыні", — адзначыла палітык.

19 студзеня ў рамках Давоскага форуму адбудзецца панэльная дыскусія на тэму беларускага бізнесу і эканамічнай перспектывы для беларусаў. Такая дыскусія, цалкам прысвечаная Беларусі, пройдзе на форуме ўпершыню.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі