Ціханоўская ў Еўрапарламенце заклікала прызнаць Аб'яднаны пераходны кабінет

Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце / europarl.europa.eu
Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце / europarl.europa.eu

13 кастрычніка Святлана Ціханоўская выступіла на пасяджэнні Камітэта Еўрапейскага парламента па замежных справах. У сваім выступе яна назвала рэжым Лукашэнкі ашуканскім і смяротным і прапанавала адкінуць яго, каб "дапамагчы будаваць дэмакратычную і свабодную Беларусь".

Сапраўдным прадстаўніком Беларусі яна заклікала прызнаць Аб'яднаны пераходны кабінет. Па яе словах, Беларусь гэта не Расія і трэба прымусіць Крэмль вывесці ўсе расійскія войскі з Беларусі і з Украіны.

Ціханоўская заявіла, што дэмакратычныя сілы нашай краіны гатовыя супрацоўнічаць і рабіць сумесныя праекты ў рамках "Усходняга партнёрства" ды іншых сумесных праграм.

"Свабодная Беларусь будзе самай моцнай санкцыяй супраць пуцінскага тэрору. А найлепшай апорай для свабоднай Украіны будзе мяжа ў тысячу кіламетраў са свабоднай Беларуссю, якая не з'яўляецца расійскай калоніяй. Я ўпэўненая, што шлях да міру ў Еўропе ляжыць праз свабоду ў Беларусі. Я ўпэўненая, што шлях да міру ў Еўропе ляжыць праз перамогу ва Украіне", — заявіла палітык.

Яна назвала Лукашэнку ваенным злачынцам, які мае "вялікі паслужны спіс жудасных парушэнняў правоў чалавека". Таму, прымаючы санкцыі, звязаныя з расійскай агрэсіяй супраць Украіны, ЕС не павінен забываць пра кіраўніка Беларусі, кажа Ціханоўская.

Акрамя таго яна згадала пра палітвязняў, у тым ліку пра Алеся Бяляцкага — праваабаронцу, ўзнагароджанага сёлета Нобелеўскай прэміяй міру.
 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі