Ціханоўская звярнулася да беларусаў на 32-я ўгодкі незалежнасці

Святлана Ціханоўская / кадр з відэа

Святлана Ціханоўская / кадр з відэа

25 жніўня 1991 года Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона. З нагоды гэтай даты да беларусакў звярнулася Святлана Ціханоўская.

У сваім звароце яна падкрэсліла, што незалежнасць не звалілася беларусам на галаву як падарунак: "Гэта вынік гераізму папярэдніх пакаленняў, рашучасці заснавальнікаў БНР, ахвярнасці тысяч беларусаў, якія выходзілі на вуліцы, мужнасці нашага нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, які ўзняў нацыянальны сцяг над Мінскім гарсаветам, і народных дэпутатаў парламенту, якія тады адстойвалі нашае права на самавызначэнне".

Разам з тым палітык адзначыла, што сёння Беларусь апынулася перад выбарам — "ці стаць часткай рускага міру і растварыцца ў імперыі, ці вырвацца з яе кіпцюроў і стаць заможнай, свабоднай, еўрапейскай дзяржавай".

Беларусы зноў вымушаныя змагацца за незалежнасць сваёй дзяржавы. На тэрыторыі нашай краіны знаходзяцца расійскія салдаты і найміты, якія разбуралі ўкраінскія гарады і забівалі мірных грамадзян.

"Сёння самы час нагадаць адно аднаму, што такое сапраўдная незалежнасць.

Гэта не ілжэстабільнасць, пра якую кажа Лукашэнка, не таргі суверэнітэтам за крэдыты Крамля, а самастойная і эфектыўная эканоміка і годная аплата працы, магчымасць весці свой бізнес без перашкод з боку дзяржавы.

Незалежнасць — гэта не ідэалагічныя сходы і ваенныя парады за народныя грошы, а сучасная інфраструктура, якасная медыцына для ўсіх грамадзян, а не толькі для дзяржаўнай эліты. Адукацыя без ідэалагічнага прымусу.

І, вядома, незалежнасць — гэта не быць у чыёйсьці сферы ўплыву, а магчымасць самастойна абіраць партнёраў і шлях развіцця краіны, будаваць добрыя адносіны з суседзямі, шанаваць уласную гісторыю, мову, культуру і передаваць нацыянальныя каштоўнасці з пакалення ў пакаленне", — падкрэслівае палітык.

Ціханоўская выказвае ўпэўненасць, што ў беларусаў дастане сілаў, вытрымкі і розуму перамагчы дзеля будучыні нашых дзяцей, дзеля незалежнасці і росквіту краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі