Цуд у Брэсце: мінак злавіў хлопчыка, які выпаў з акна
Ілля Касюк
Мінак злавіў хлопчыка, які выпаў з акна. Гэта здарылася 13 лістапада ў Брэсце.
Малады вайсковец Ілля Касюк збіраўся ехаць у сваю часць пасля абеду і праграваў машыну ля дома, калі пачуў дзіцячы крык. Ён заўважыў хлопчыка, які павіс на ўзроўні трэцяга паверха. Дзіця адной рукой трымалася за вяроўку для бялізны.
Касюк падбег да дома, зняў куртку і падрыхтаваўся лавіць дзіця. Хлопчык не ўтрымаўся — і ўпаў у рукі Іллі.
— Усё вельмі хутка адбылося. Я зняў куртку. Шчыра, не памятаю, застаўся адзін ці нехта яшчэ быў побач. Уніз не глядзеў, толькі наверх, на хлопчыка. У нейкі момант ён адчапіўся і ўпаў уніз, проста мне ў рукі, — цытуе Іллю БелТА.
На месца выклікалі "хуткую". Дактары знайшлі хлопчыка заплаканым і спалоханым. Але, на шчасце, ён не атрымаў траўмаў пры падзенні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.