Цукар, экстракт апельсіна і кіслата: чым пахне беларускае піва?

“Імпартнае піва напічканае рознымі смакавымі кампанентамі. Яно завезенае з-за мяжы і доўга тут захоўваецца, напічканае рознымі кансервантамі. Беларускае піва — натуральнае піва. Калі ідзеш у баню, вазьміце імпартнае піва і пырскніце ім на камяні, як у нас было заведзена. І айчыннае вазьміце. І панюхайце, чым гэта ўсё пахне. Беларускае піва — гэта пах хлеба, гэта ўсё жывое і натуральнае”, — ледзь не крычыць Лукашэнка па ўсіх дзяржаўных каналах вечарам 10 красавіка.

Пра якасць айчыннага пеннага напою кіраўнік краіны кажа не проста так. Ладзіць разнос чыноўнікам і піваварам. Маўляў, мы вам 300 мільёнаў долараў на мадэрнізацыю, а вы новыя аб’ёмы толькі на 60% загрузілі і рынак імпарцёрам здалі. Эканаміст Леанід Заіка кажа, што мы бачым далёка не апошнюю “публічную порку” з пагрозамі — у бюджэту вялікія праблемы і іх трэба неяк вырашаць.

“Беларускі бюджэт недабірае. Падзенне ў прамысловасці на 5%, падзенне і ў сельскай гаспадарцы. Таму стаіць пытанне пра падаткі, акцызныя, у тым ліку. А гэта таксама і піва”.

На пагрозах кіраўніцтву “Крыніцы” Лукашэнка не спыняецца. Кажа, што калі да розумаў піўных босаў не дойдзе неабходнасць выціснуць замежных канкурэнтаў з рынку, яны могуць пайсці шляхам былога ўладальніка “Спартака” і “Камунаркі” Марата Новікава і пазбавіцца бізнэсу. Леанід Заіка кажа, што справы ў піўной галіне —сапраўды, швах.

“Мяркуючы па сітуацыі, прадпрыемствы піўной галіны абсалютна неканкурэнтныя. І не могуць канкураваць з суседнімі краінамі, Расіяй і Украінай”.

Еўрарадыё ідзе ў краму, каб прынюхацца да натуральнага хлебнага водару беларускага піва. Чытаем склад, пазначаны дробнымі літаркамі на этыкетках. Адзін з рэчыцкіх гатункаў сярод іншага ўтрымлівае цукар і загадкавыя хмелепрадукты, цёмнае піва мінскага бровара — фарбавальнікі, а беларускі нефільтраваны гатунак на камянях у лазні цалкам можа выдаваць водар Міжземнамор’я, бо ў яго складзе ёсць не толькі лімонная кіслата, але і экстракт апельсіна. Этыкеткі першага нямецкага піва, якое трапляе пад руку, куды бяднейшыя — там толькі вада, ячменны солад і хмель.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі