“Да ручкі даведзенае ўсё”: у Полацку не вывозіцца смецце, ЖКГ разводзіць рукамі

“Да ручкі даведзенае ўсё”: у Полацку не вывозіцца смецце, ЖКГ разводзіць рукамі

Перапоўненыя кантэйнеры для смецця і непрыемны пах — такую карціну назіраюць жыхары некаторых раёнаў Полацка ўжо больш за два тыдні. Праблема ўзнікла пасля таго, як вываз смецця ў Полацку перадалі ад мясцовага ЖКГ наваполацкаму “Біямехзаводу бытавых другасных рэсурсаў”. Пакуль новы аператар вывазу смецця намагаецца выправіць сітуацыю, жыхары дзеляцца фатаграфіямі брудных двароў і абураюцца працай камунальнікаў.

“Бардак са смеццем быў заўседы, — распавёў Еўрарадыё палачанін Аляксандр. — І да Новага года, і пасля. Дзе вывозяць, а дзе і не. Людзі не проста так скардзяцца. Куды я выношу, дык яшчэ вывозяць, але гэта амаль цэнтр горада. ЖКГ скарацілі так, што няма каму працаваць”.

Полацкай ЖКГ не хапала сваёй тэхнікі і працаўнікоў, таму вывазам смецця ў Полацку з 2 студзеня займаецца прадпрыемства з Наваполацка. Галоўны інжынер “Біямехзавода” Вадзім Куляшоў распавёў Еўрарадыё, што праблемы ў Полацку ўзніклі па розных прычынах і на іх вырашэнне патрэбны час.

“Да ручкі даведзенае ўсё”: у Полацку не вывозіцца смецце, ЖКГ разводзіць рукамі
Кантэйнеры ў прыватным сектары

“Праблема ёсць, але ў большай ступені ў прыватным сектары, — кажа Вадзім Куляшоў. — Полацк нам перадалі цалкам. Ёсць нюансы, бо ў прыватным сектары мы не працавалі. Як можам, напружанне здымаем, але ёсць маленькія вулачкі, куды нашы машыны не праходзяць па габарытах. Катастрафічна не хапае кантэйнераў, з якімі мы працуем. Плюс умовы надвор’я: снег дзе чысцяць, дзе не.

Мы прапаноўвалі пачаць з аднаго раёна, каб вывучыць праблему. Па-добраму, патрэбны год, а з нас хочуць немагчымага. Палова тэхнікі, якую нам перадалі з Полацка, толькі што перасоўваецца. Менавіта перасоўваецца. Да ручкі даведзенае ўсё. Гэта ўсё лірыка, я разумею. Па галаве мяне не пагладзяць, але як ёсць. Працаваць на два гарады было не нашым рашэннем. Будзем працаваць, але патрэбны час, каб усё наладзіць”.

Больш важных і цікавых навінаў у праграме “Еўразум” за 17.01

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі