ДАІшнікі абуваюць валёнкі, у дворнікаў перапынак кожную гадзіну

ДАІшнікі абуваюць валёнкі, у дворнікаў перапынак кожную гадзіну

6 студзеня з раніцы у Мінску -20, у паўночных рэгіёнах яшчэ халадней. Па дарозе да працы можна змерзнуць. А як працуецца тым, каму па прафесіі трэба знаходзіцца на холадзе.

ДАІ

Супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі з паўночных рэігёнаў пачалі выдаваць валёнкі, на працы трэба мець тэрмас з гарбатай.

“Ёсць указанні, супрацоўнікі ДАІ мусяць мець з сабой тэрмас з гарачай гарбатай, цёплы абутак. У некаторых абласцях ужо перайшлі на валёнкі”, ― апісвае барацьбу з маразамі прэс-сакратар ДАІ Ганна Банадык.

Будаўнікі

Калі менш за -25, будаўнікам не раяць весці працы на вуліцы, а рэкамендуюць заняцца, напрыклад, працай унутры дома. Ці рабіць кароткія перапынкі паміж працай цягам усяго дня, калі ўжо без вонкавых прац аніяк.

“Кожныя суткі мы даём зводкі па надвор’і падначаленым арганізацыям. Мы раім выконваць іншыя віды прац, замяніць працу на вуліцы на іншую. Але гэта толькі рэкамендацыі”, ― апісваюць у міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва. За час халадоў у міністэрства не паступала інфармацыя аб выпадках абмаражэння.

У будаўнічым трэсце №35 дадаюць, што даюць шматлікія перапынкі падчас працоўнага дня, каб не замерзлі.

Кіроўцы грамадскага транспарту

Для кіроўца аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў у халады асаблівых мераў не прадугледжана. На дыспетчарскіх станцыях чакае гарбата і кава. А ў салоне, па меркаванні адміністрацыі “Мінсктранса”, і так цёпла.

Дворнікі

У дворнікаў няма абмежаванняў, хоць -30, трэба прыбіраць снег. Затое ім даюць перапынак на 5-10 хвілін кожную гадзіну на гарбату ці каву, адмыслова даюць цёплую вопратку, расказваюць у ЖЭУ-4 Заводскага раёна Мінска.

А ў Магілёве, калі замаразкі працягнуцца, могуць падоўжыць зімовыя вакацыі для школьнікаў. Для гэтага тэмпература на вуліцы мусіць быць ніжэйшай за -25 градусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі