Даносчыца Бондарава на выбарах у гарсавет прайграла кандыдату "супраць усіх"
Вольга Бондарава на "перадвыбарным" пікеце
Даносчыца Вольга Бондарава прайграла выбары ў Мінскі гарадскі савет не толькі ідэолагу в/ч 3214 Міхаілу Адамчыку (ён стаў дэпутатам), але і іншым кандыдатам, у тым ліку кандыдату "супраць усіх". На гэта звярнула ўвагу "Наша Ніва".
У пратаколе галасавання ў Мінгарсавет па Шугаеўскай акрузе №57 запісана, што за пераможцу Адамчыка аддадзена 51% галасоў (6607), за дырэктара гімназіі №38 Святлану Пазняк — 27% (3498 галасоў), за Бондараву 4,7%. За яе прагаласавалі 609 чалавек з амаль 13 тысяч нібыта тых, хто прыйшоў на "выбары". Нават кандыдата "супраць усіх" падтрымала адчувальна большая колькасць людзей — ён на трэцім месцы. Супраць усіх у гэтай акрузе прагаласавалі 2164 выбаршчыкі або 16,7% ад тых, хто прыйшоў на "выбары".
Бондарава знакамітая сваімі нападамі на беларускую мову і прадстаўнікоў беларускай культуры і грамадства. Яна прапагандуе і выступае за "рускі свет" і перыядычна патрабуе кагосьці пакараць за няправільную з яе пункту гледжання пазіцыю. Ндоечы, да прыкладу, яна крытыкавала дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА за тое, што яно піша "ва Украіне", а не "на Украіне" паводле расійскага ўзору.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.