"Дата генератар": 11 кастрычніка 1616 года — памёр Аляксандр Лісоўскі
Аляксандр Юзаф Лісоўскі нарадзіўся ў 1575 годзе ў шляхецкай сям’і пад Вільняй. Пазней сям’я пераехала ў раён Брэста. Аляксандр скончыў езуіцкі калегіум у Вільні.
У 1599-м (у 24 гады) паступіў на службу ў войска гаспадара Валахіі Міхая Храбрага (1558–1601). Міхай ваяваў з туркамі, у 1599-м ён далучыў да Валахіі Малдову і Трансільванію. Рэч Паспалітая ў 1600 годзе таксама ўступіла ў вайну за гэтыя землі. Лісоўскі не жадаў ваяваць супраць сваіх землякоў і перайшоў у войска кароннага гетмана Яна Замойскага.
Пасля перамогі Рэчы Паспалітай у малдаўскай кампаніі Лісоўскі уступіў у гусарскую харугву Яна Караля Хадкевіча і ваяваў у Лівоніі супраць шведаў.
У 1604 годзе войска ВКЛ падняло бунт праз нявыплату грошай. Тым часам Лісоўскі камандаваў трыма мяцежнымі харугвамі. Яго салдаты рабавалі маёнткі і паселішчы ў Лівоніі, Курляндыі і ВКЛ. За гэта соймавы суд пазбавіў яго шляхецтва і грамадзянскіх правоў. Але Лісоўскі працягнуў удзел у мяцяжы разам з польскім войскам Зебжыдоўскага, якое абвясціла рокаш супраць караля. Лісоўскі на чале атрада казакоў у 1607 годзе ваяваў супраць каралеўскіх войскаў пад Гузавам, але там удзельнікі рокашу былі разбіты.
Тады Лісоўскі з дзвюма сотнямі сваіх казакоў адправіўся ў Масковію, у Старадуб, дзе паступіў на службу да Лжэдзмітрыя II. Ён атрымаў чын палкоўніка і павялічыў атрад за кошт добраахвотнікаў з ВКЛ і Масковіі. У сакавіку 1608-га Лісоўскі разбіў ваявод Захара Ляпунова і Івана Хаванскага пад Зарайскам. Потым захапіў Міхайлаў і Каломну. Удзельнічаў у аблозе Троіца-Сергіевай лаўры ў войсках Яна Пятра Сапегі.
Потым ён атрымаў паражэнне ад маскоўскага ваяводы Івана Куракіна, пасля чаго змяніў тактыку дзеянняў. Ён адмовіўся ад абозу і стаў праводзіць маланкавыя рэйды ў глыбокім тыле супраціўніка. Каб захоўваць у таямніцы перасоўванне па варожай тэрыторыі, "лісоўчыкі" забівалі ўсіх людзей, якіх сустракалі на сваім шляху. Яны таксама забівалі цяжка параненых таварышаў, каб не змяншаць праз іх хуткасць руху атрада. Каб пазбегнуць засад, яны кожны раз ішлі па новых маршрутах, абыходзілі бокам галоўныя дарогі, брады і масты. Пры захопе гарадоў і замкаў ужывалі розныя хітрасці.
"Лісоўчыкі" адмовіліся ад панцыраў, але кожны вершнік меў палаш (ці канчар), кароткую дзіду, два пісталеты, мушкет і лук.
У атрадзе падтрымлівалася жалезная дысцыпліна. Усякія загады Лісоўскага і яго памочнікаў выконваліся беспярэчна. Жалавання казакам ніхто не плаціў: яны жылі за кошт рабавання ворагаў і мясцовага насельніцтва.
У 1609 годзе, калі пачалася вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй, Лісоўскі са сваім палком далучыўся да войскаў ВКЛ. Увесну 1610 года ён правёў рэйд па тылах Масковіі: захапіў і разрабаваў Растоў, Кашын, Калязін, Вароніч і Завалочча. З захопленых крэпасцяў Лісоўскі у 1610–1611 гг. праводзіў далёкія рэйды на землі Смаленска, Пскова і Ноўгарада. За гэтыя заслугі сойм вярнуў яму шляхецтва і грамадзянскія правы.
Улетку 1612 года Лісоўскі па загадзе Яна Караля Хадкевіча, каб адцягнуць сілы маскоўцаў ад Смаленска, здзейсніў новыя рэйды ўглыб Масковіі.
А ў 1615-м з дзвюма тысячамі казакоў ён пайшоў на Севершчыну, дзе захапіў і абрабаваў гарады Арол і Карачаў. Пасля гэтага захапіў і разрабаваў Ліхвін, Белеў, Таржок, Галіч, Угліч, Суздаль, Перамышль, ваколіцы Яраслаўля і Кастрамы. Разбіў авангард знакамітага князя Дзмітрыя Пажарскага, пасланага супраць яго.
Узімку 1616 года падчас новага рэйду ён абышоў Маскву па пятлі даўжынёй 200 кіламетраў. "Лісоўчыкі" здзяйснялі імклівыя пераходы па 100–150 кіламетраў у суткі, што ў тыя часы здавалася фантастыкай. Раптам з'яўляючыся там, дзе іх ніхто не чакаў, яны падымалі паніку ў тыле ворага. За свае аперацыі Лісоўскі атрымаў чын каралеўскага палкоўніка.
Увосень 1616 года Лісоўскі сабраў пад Гомелем новы атрад для чарговага рэйду па Масковіі і выступіў да Старадуба. Але раніцай 11 кастрычніка раптам зваліўся з каня і памёр. А яго ваяры яшчэ 20 гадоў ваявалі ў Заходняй Еўропе, наводзячы жах і на ворагаў, і на мясцовых жыхароў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.