"Дата генератар": 5 чэрвеня 1890 года — адкрыццё Мінскага гарадскога тэатра

"Дата генератар": 5 чэрвеня 1890 года — адкрыццё Мінскага гарадскога тэатра

Першы гарадскі тэатр у Мінску адкрыўся ў 1825 годзе ў двухпавярховым будынку на Саборнай плошчы, які належаў мінскаму бурмістру Яну Байкову. А ён купіў гэты будынак, пабудаваны яшчэ ў канцы XVII стагоддзя, у князёў Радзівілаў.

Глядзельная зала размяшчалася на другім паверсе. У ёй было 28 ложаў (на 56 крэслаў), 151 месца ў партэры, 132 — на балконах.

30 траўня 1835 года ў тэатры быў пажар. Пасля пажару будынак аднавілі. Менавіта тут у 1852 годзе адбылася прэм'ера першага беларускага спектакля: оперы-камедыі "Сялянка" на музыку Станіслава Манюшкі, лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

У траўні 1884-га будынак тэатра цалкам згарэў. У 1887 годзе новы губернатар Мінскай губерні князь Мікалай Трубяцкой (цар прызначыў яго губернатарам у снежні 1886-га) прапанаваў гарадской Думе вырашыць пытанне пра новы тэатр. 18 жніўня 1887 года Дума аднагалосна прыняла адпаведную пастанову. За кароткі час мінчукі ахвяравалі 25 тысяч рублёў. Праект стварылі архітэктары К. Увядзенскі і К. Казлоўскі.

Закладка будынка тэатра адбылася 26 чэрвеня 1888 года з удзелам вялікага князя Уладзіміра Аляксандравіча і яго жонкі вялікай княгіні Марыі Паўлаўны. Протаіерэй Екацярынінскага сабора Міканор Смоліч адслужыў малебен.

Будаўніцтва будынка на рагу Аляксандраўскага сквера заняло роўна два гады. Мінскі гарадскі тэатр адкрыўся 5 (17 па новым стылі) чэрвеня 1890 года аматарскім спектаклем французскага драматурга Актава Фелье "Сфінкс".

Сцэна мела шырыню 15 м, вышыню 17 м, глыбіню 10,6 м. Глядзельная зала была на тры ярусы, спачатку на 550 месцаў, потым на 700. Партэр і ложы першага яруса — для высакароднай публікі, балконы — для бедных. На сценах фае віселі партрэты М. Глінкі, А. Пушкіна, М. Гогаля, А. Астроўскага.

Тэатр належаў гарадской управе. Сваёй трупы не было. На яго сцэне выступалі расійскія оперныя, драматычныя і аперэтачныя трупы, а час ад часу — аматарскія калектывы Мінска. Яны ставілі п'есы А. Астроўскага, М. Гогаля, А. Сумбатава-Южына, А. Чэхава, Л. Талстога, С. Найдзёнава, М. Горкага і нарвежца Генрыка Ібсена.

Тэатру дапамагала секцыя драматычнага мастацтва створанага ў 1898 годзе Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў (усяго ў ім было 7 секцый).

Ініцыятарам стварэння таварыства з'явіўся папулярны ў той час рускі пісьменнік і драматург Яўген Чырыкаў (1864–1932), які жыў у Мінску. Не дзіўна, што таварыства прапагандавала творы рускай літаратуры і драматургіі. Пра беларускіх і польскіх творцаў гаворка не ішла.

Найбольш яркім эпізодам у гісторыі будынка, дзе знаходзіўся тэатр, стала правядзенне ў ім у снежні 1917 года Усебеларускага з'езда, у якім удзельнічала больш за 1000 дэлегатаў з усіх паветаў і гарадоў Беларусі.

А беларускія п'есы на яго сцэне ўпершыню з'явіліся толькі ў 1918 годзе. Гэта былі п'есы Францішка Аляхновіча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі