"Дата генератар": 31 жніўня 1559 года: усталяванне пратэктарату ВКЛ над Лівоніяй

"Дата генератар": 31 жніўня 1559 года: усталяванне пратэктарату ВКЛ над Лівоніяй

У 1558 годзе Масковія пачала вайну з мэтай захопу Лівонскай канфедэрацыі. З траўня да кастрычніка маскоўцы захапілі 20 гарадоў і замкаў, абрабавалі і забілі пры гэтым шмат мірных жыхароў. Потым асноўная частка маскоўскага войска пайшла на зімовыя кватэры, а ў захопленых гарадах і замках засталіся невялікія гарнізоны.

Гэтым скарыстаўся Готхард Кетлер (1517–1587), комтур Феліна (цяпер Вільяндзі ў Эстоніі), якога Іаган фон Фюрстенберг, магістр Лівонскага Ордэна, у жніўні 1558 года прызначыў сваім намеснікам і пераемнікам. Сабраўшы некалькі тысяч ваяроў, Кетлер вырашыў вярнуць для пачатку горад Дэрпт (цяпер Тарту).

Ідучы на Дэрпт, ён у верасні аблажыў замак Рынген (цяпер Рынгу ў Эстоніі). Гарнізон замка налічваў 400 чалавек на чале з сынам баярскім Русінам Ігнацьевым. Узяць замак з ходу не атрымалася, а цяжкіх гармат у Кетлера не было. Прыйшлося паслаць па іх у Дынамюндэ і чакаць, пакуль прывязуць. Толькі ў сярэдзіне кастрычніка, пасля магутнага абстрэлу, немцы ўзялі Рынген. Ацалеўшых абаронцаў замка яны павесілі. Ужо пачалося халоднае надвор'е, чыннік раптоўнасці быў згублены, таму лівонскае войска вярнулася да Рыгі.   

Гэты невялікі поспех Кетлера прынёс лівонцам вялікую бяду. Даведаўшыся пра падзенне Рынгена і пагібель яго гарнізона, Іван IV прыйшоў у лютасць і загадаў здзейсніць зімовы паход у Лівонію (расійскія аўтары кажуць, быццам немцы парушылі перамір'е, аднак ніякага перамір'я з імі ў 1559 годзе немцы не складалі).

Праз два месяцы пасля падзення Рынгена маскоўскае войска князя Васіля Сярэбранага-Абаленскага пачало паход. У бітве пры Тырзене (цяпер сяло Тырза ў Латвіі) 17 студзеня 1560 года яно разбіла лівонскае войска Фрыдрыха фон Фелькерзама. Загінулі 400 лівонцаў і разам з імі Фелькерзам, шмат трапіла ў палон. Маскоўскія татары дайшлі да самай Рыгі, захапіўшы па дарозе яшчэ 11 гарадоў і замкаў. У лютым 1559-га яны вярнуліся дахаты, нарабаваўшы велізарную здабычу і сагнаўшы ў рабства шмат жыхароў Лівоніі.

Пасля гэтага Іван IV пагадзіўся з просьбай Кетлера пра перамір'е на дзевяць месяцаў, з сакавіка да лістапада. Кетлер і яго памагатыя зразумелі, што Ордэн не здольны адбіць агрэсію Масквы. Таму падчас перамір'я Кетлер спрабаваў знайсці саюзнікаў у Еўропе. Адгукнуўся толькі вялікі князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст. 

31 жніўня 1559 года Кетлер падпісаў у Вільні дамову з пасламі Жыгімонта, па якой землі Ордэна і ўладанні арцыбіскупа Рыжскага пераходзілі пад пратэктарат ВКЛ. 15 верасня такую ж сама дамову падпісаў арцыбіскуп Вільгельм. 

За гэта Ордэн перадаў ВКЛ у якасці закладу паўднёва-ўсходнюю частку Лівоніі з гарадамі Ашэрат, Разітен, Лютцэн, Дынабург (Даўгаўпілс), Зэльбург і Баўске, арцыбіскуп Вільгельм — гарады Марыенгаўзен, Ленэвардэн, двары Лобань і Бірзэн. Сюды ўвайшлі войскі ВКЛ на чале з Мікалаем Радзівілам Рудым. Пасля заканчэння вайны Ордэна з Масковіяй Жыгімонт II Аўгуст павінен быў вярнуць гэтыя землі за 600 тысяч гульдэнаў Ордэну і за 100 тысяч — арцыбіскупу. 

Аднак пратэктарат ВКЛ над часткай Лівоніі не перашкодзіў маскоўскаму дэспату працягнуць захоп земляў Лівонскай канфедэрацыі. Больш за тое, ён стаў падставай для пачатку вайны Масквы супраць Вялікага Княства.

Але пра гэта я ўжо расказваў у сваіх выступах 15 і 27 студзеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі