"Дай Дарогу!" змянілі бубнача і запісваюць новы альбом
На змену Ігару Гусеву прыйшоў Ілля Церашчук. Разам з ім гурт нараджае дыск у сваім фірмовым ключы.
"Дай Дарогу!" змянілі барабаншчыка. Пра гэта ў сацсетках напісаў лідар гурта Юрый Стыльскі. У размове з Еўрарадыё музыка паведаміў, што Ігар Гусеў расставіў прыярытэты і замест гастроляў, з якіх гурт апошнім часам не вылазіць, аддаў перавагу сямейнаму жыццю.
Цяпер замест Ігара Гусева, з якім каманда грала апошнія некалькі гадоў, барабаніць у "Дай Дарогу!" будзе Ілля Церашчук.
"Ілля — чалавек з адукацыяй, — характарызуе новага калегу Стыльскі. — На фоне нас ён ведае нотную грамату, у яго было сальфеджыа і ён скончыў Брэсце музычны каледж. Таму ён можа чытаць ноты і навучыць нас грамаце, калі нам гэта калі-небудзь спатрэбіцца. Але наўрад ці".
Па словах Юрыя, цяпер "Дай Дарогу!" працуюць над запісам новага альбома, прэзентацыя якога адбудзецца 8 траўня ў Мінску. Музыка кажа, што кружэлку складуць цалкам новыя песні, вытрыманыя ў фірмовым, панкаўскім ключы "Дай Дарогу!".