Дэмарш Федэрацыі дзюдо Украіны з-за ўдзелу ў турнірах беларусаў і расіян

Дэмарш Федэрацыі дзюдо Украіны з-за ўдзелу ў турнірах беларусаў і расіян

Федэрацыя дзюдо Украіны адмовілася ад удзелу ў турнірах, якія праводзяцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі дзюдо. Прычына — апошняя дазволіла ў іх удзельнічаць у нейтральным статусе спартсменам з Беларусі і Расіі.

Акрамя зваротаў у міжнародную і еўрапейскую федэрацыі, Федэрацыя дзюдо Украіны разаслала адкрыты ліст у больш за 100 нацыянальных федэрацый, у якім выклала свае аргументы. У ім нагадваецца, што Расія — агрэсар, а Беларусь яе падтрымлівае. Апісваюцца страты Украіны, нанесеныя расійскімі агрэсарамі. Сярод іх — пашкоджаныя і знішчаныя школы дзюдо, загінулыя пад абстрэламі тры трэнеры. Рашэнне міжнароднай федэрацыі называецца "палітычным" і яно выклікала "хвалю справядлівага абурэння" сярод украінскіх дзюдаістаў.

"Мы ўпэўненыя, што пераважная большасць прадстаўнікоў расійскага дзюдо, адурманеная шалёнай прапагандай, падтрымлівае агрэсіўную палітыку і захопніцкую вайну на тэрыторыі Украіны, — гаворыцца ў лісце. — ...Маўчанне расійскіх і беларускіх спартсменаў і трэнераў падтрымлівае вайну супраць Украіны і забівае тысячы ўкраінскіх грамадзян".

Украінская федэрацыя прыводзіць спіс расійскіх дзюдаістаў, якія з'яўляюцца вайскоўцамі. Згадваюцца факты публічнай падтрымкі вайны.

Раней кіраўнік Міністэрства моладзі і спорту Украіны Вадзім Гутцайт заявіў, што ўкраінскія федэрацыі будуць патрабаваць не дапускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі да міжнародных спаборніцтваў. Калі ж дапусцяць, то "украінскія спартсмены гатовыя блакаваць іх выступы і байкатаваць такія спаборніцтвы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі