Дэпазіт на 10 мільёнаў рублёў пад 50% ці 30% дэвальвацыя: што выгадней?

Банкі адразу адрэагавалі на сітуацыю на валютным рынку і прапановы Нацбанка. Працэнт па дэпазітах у беларускіх рублях вырас з 30 да 50% гадавых. Можа, ёсць сэнс пакласці мільёнаў 10 на дэпазіт на месяц?

Такія уклады цяпер прапануе каля дзясятка банкаў: Беларускі народны банк, БПС-Сбербанк, Дельта банк, Ідэя банк, ВТБ, Белаграпрамбанк, Беларусбанк, Белінвестбанк, МТББанк, Хоум крэдыт Банк, Цэптэр-Банк.

Сёння за 10 мільёнаў можна набыць 693 долара (найлепшы курс разам з 30% падатку — 14 430).

Па укладзе за месяц з 10 мільёнаў атрымаем прыбытак 416 667 тысяч рублёў. І маем агулам 10 416 667, шыкоўна, ну! Калі праз месяц курс долара будзе 15 030, у што слаба верыцца, то атрымліваюцца тыя ж 693 долара. Калі долар будзе даражэйшым за 15 030, то ўсё не вельмі добра.

Але ўявім ідэальную сітуацыю. Курс на біржы будзе расці на 10 рублёў за дзень. У такім выпадку праз месяц долар можна будзе набыць за 14 820. А гэта значыць, што па ўкладзе ў 10 мільёнаў пад 50% гадавых за месяц прыбытак выйдзе — 10 баксаў.

— А калі пакласці большую суму, напрыклад, 50 мільёнаў?, — у працэсе падлікаў цікавяцца калегі.

— Дзе ўзяць столькі рублёў?

— Долары памяняць!

І праўда, Нацбанк, відаць, разлічваў, што народ верне свае ўклады ў рублі пры такіх стаўках. Што ж, паспрабуем падлічыць. Прадаём 4220 долараў па курсе 11 850 і атрымліваем свае 50 мільёнаў, якія кладзем на месяц пад 50% гадавых.

Праз месяц забіраем 52 083 333. Па якім жа курсе зможам адкупіць нашы 4220 баксаў? Курс долара павінен быць 12 342, каб проста вярнуць сваё. На такое разлічваць зусім не даводзіцца, нават калі адменяць 30% падатак, мала верагодна, што курс утрымаецца на такім узроўні.

Але уявім, што вы алігарх. І больш за тое — алігарх-дзівак, бо захоўвалі грошы ў рублях. Пакладзем 1 мільярд рублёў на месяц пад 50% гадавых і атрымаем 1 041 666 667. Сёння за гэты мільярд можна купіць 69 300 долараў. Пры аптымістычным курсе (14 820) праз месяц атрымаем 70 287 долараў. Гатовыя рызыкнуць мільярдам дзеля тысячы баксаў?

Таму можна зрабіць выснову, што выгадна грошы трымаць у рублях, калі курс будзе ніжэйшым за 15 тысяч, ці калі працэнт па ўкладах будзе вышэйшым у разы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі