Дэпутат: 13% падатак на пазыкі прыняты пад будучы ўказ аб дармаедах

З 1 студзеня 2015 года набылі моц папраўкі ў Падатковы кодэкс. Цяпер з грошай, узятых у пазыку не ў сваякоў, трэба плаціць падаходны падатак у 13%. Рабіць гэта трэба ў выпадку, калі вас паклікалі падаткавікі і папрасілі патлумачыць, адкуль у вас грошы на дарагія пакупкі (Падрабязней пра тое, каго закране новаўвядзенне, а таксама як плаціць і як вяртаць грошы, глядзіце тут).

Цікавімся ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, ці плацяць яны падатак, калі бяруць грошы ў пазыку. Яны ж павінныя ведаць, бо самі прымалі гэтыя папраўкі.

“Не буду каментаваць ніякіх вашых прапаноў”, — з такімі словамі народная абранніца Інэса Кляшчук кладзе слухаўку.

Адмаўляецца ад усялякіх каментараў і старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Людміла Міхальцова. Дэпутат спасылаецца на тое, што распрацоўкай і прыняццем паправак займалася іншая камісія, а сама яна не ў курсе справаў.

Здаецца, знайсці дэпутата, які б ведаў сходу, пра што гаворка, складана. Да прыкладу, сябра камісіі па бюджэце і фінансах, дэпутат Ілля Мурашка спачатку таксама не разумее, пра якія папраўкі ў яго пытаюцца.

“Вы, пэўна, ведзяце да ўказа аб дармаедстве. Указ распрацоўваецца, каментаваць не магу, бо яшчэ нічога не бачыў…”

Аказваецца, Ілля Мурашка нядаўна прыехаў са сваёй Лагойскай выбарчай акругі, дзе яму задавалі пытанні пра дармаедаў, таму думкі яго толькі пра гэта. Урэшце з трэцяга разу знаходзім паразуменне, і дэпутат адказвае, дзе бярэ грошы.

“Я карыстаюся крэдытамі, бяру ў банка, там усе адносіны вызначаныя дамовай. Разлічваю толькі на сябе. Я Падатковы кодэкс не курырую, таму не ведаю, што вам сказаць. Толькі на сябе можна разлічваць. Трэба вымяраць выдаткі і даходы. Што зарабілі, паклалі ў кішэню”, — раіць народны абраннік.

І толькі намеснік старшыні пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Аляксандр Мякіннік сходу кажа па справе. Тлумачыць, як трэба разумець папраўкі.

“Калі ў суседа ўзяць — плаціць падатак не трэба. Вы няправільна зразумелі. Калі я пазычаю грошы ў суседа, то нічога не плачу, на сяброўскіх адносінах, так сказаць, пазычаю. Я жыву па магчымасцях”, — кажа дэпутат. Ён дадае, што гэтыя папраўкі прынятыя пад закон аб дармаедстве, што цяпер распрацоўваецца і павінны быць прыняты да канца лютага 2015 года.

“Там правільна сказана: калі чалавек нідзе не працуе, а набывае нерухомасць, адкуль у яго сродкі? Трэба плаціць падатак. Давайце пажывем, а там пабачым, як гэта будзе працаваць”.

“Не пазычаю. Ёсць жа овердрафт. Да таго ж хто пазычае грошы на кватэры цяпер?” — адказвае мне мінчанка Марына на пытанне, як часта і ў каго яна пазычае грошы.

Большасць апытаных мінакоў кажуць, што грошы пазычаюць у суседзяў, у калег па працы, у бацькоў.

“Звычайна невялікія грошы пазычаю ў бацькоў, да адной базавай”, — кажа мне студэнт Міхаіл. Яго сяброўка Зоя таксама звяртаецца па дапамогу да мамы і таты.

Толькі адзін з васьмі чалавек, жанчына сярэдніх гадоў Алена Мікалаеўна, кажа, што не жыве за кошт пазыкаў.

“Ніколі не пазычаю грошы сабе і вельмі рэдка даю ў пазыку каму-небудзь. Залежыць ад чалавека: калі ён добра да мяне ставіцца — пазычу. А калі несур’ёзны чалавек, хіханькі-хаханькі, грошай не дам. А ўвогуле трэба разлічваць на свае сілы”, — падагульняе жанчына.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі