Дэпутат пра Дамову ЕАЭС: Мы расіянам — вязі колькі хочаш.А — нам квоты?

Ратыфікацыю дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе Палата прадстаўнікоў разгледзіць у чацвер 9 кастрычніка. Дамова, нагадаем, была падпісаная яшчэ 29 траўня. Расійскі парламент ратыфікаваў толькі 26 верасня, а казахстанскі — 1 кастрычніка, нашы — апошнія.

“Калі вы будзеце бачыць, што недзе дапушчаная памылка пры падрыхтоўцы гэтага дакумента, а ён вельмі важны, вы, калі ласка, інфармуйце і мяне ў тым ліку. Не спыняйцеся ні перад чым, абараняючы інтарэсы нашай дзяржавы!” — такі наказ Лукашэнка даў дэпутатам напярэдадні.

Намесніка старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалая Іванчанку Еўрарадыё застае менавіта за вывучэннем дакумента. Дэпутат кажа пра шэраг пытанняў. Напрыклад, якім чынам будзе забяспечвацца падатковы манеўр?

“Не гатовы я на 100% прыняць дакумент. Бо няма інфармацыі па выніках сустрэчы прэм’ер-міністраў нашых дзяржаў наконт механізмах, якія б абаранілі нашу краіну ад магчымых вынікаў падатковага манеўра. Будзем заўтра задаваць пытанні. Ёсць механізмы анулявання яе, калі высветліцца, што Дамова прыносіць нейкую шкоду нашай краіне”, — кажа Мікалай Іванчанка і прызнаецца, што болей за ўсё турбуе рамачнасць дамовы, хоць гэта працяг Дамовы аб Мытным саюзе.

Дэпутата Жодзінскай выбарчай акругі Зміцера Харытончыка цікавіць некалькі момантаў: квоты, агульны рынак тавараў, энергетычны рынак.

“Трэба выкарыстоўваць дамову максімальна, каб прасоўваць нашы тавары на рынках трэціх краін. А як канкрэтна? Напісана, што арганізацыя нейкіх выставак, але не болей за тое. Тут хочацца бачыць, як кіраўніцтва будзе рэалізоўваць гэта, — прыводзіць дэпутат свае пытанні. — Ёсць пытанне па энергетыцы, па стварэнні агульнага электрарынку. Да 2016 года, мяркуецца, будзе створаны аптовы рынак. Але ці будзе гэта азначаць, што нашы буйныя спажыўцы змогуць на прамую купляць энергію, ці як цяпер — праз дзяржаву?

Па словах дэпутата, наступнае пытанне па квотах: што будзе рабіць урад, бо адстаяць пазіцыю па квотах не атрымалася.

“Мы расіянам нічога не ўводзім, вязі колькі хочаш. А Расія нам — квоты. Вось на такія пытанні хацелася б атрымаць адказы”.

Дэпутат Мікалай Самасейка прызнаецца, што многа пунктаў падлягае удакладненню.

“Напрыклад, асноўныя напрамкі эканамічнай палітыкі, яны проста прадэклараваныя, а раскрыць іх трэба”, — кажа Мікалай Леанідавіч.

Пры гэтым ён заўважае, што з найбольшай доляй верагоднасці дакумент будзе ратыфікаваны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі