Дэпутат, які супраць кедаў: Версачэ кажа пра прыгажосць і якасць

Толькі жанчыны засталіся без трусоў з карункамі, як імем Мытнага саюза нібыта забіраюць высокія абцасы. Перш за ўсё Еўрарадыё датэлефанавалася да расійскага дэпутата Алега Міхеева, які і прапанаваў забараніць высокія абцасы, кеды ды балеткі на тэрыторыі Мытнага саюза. Той у адказ цытуе… Версачэ!

Алег Міхееў: “Я прачытаў артыкул Версачэ, ён кажа, што ёсць два крытэры — прыгажосць і якасць. Ну, пра здароўе ніхто не думае. Дактары, з якімі я маю зносіны, падрыхтавалі экспертнае заключэнне, што вялікая колькасць захворванняў — варыкознае пашырэнне, пляскатая ступня — звязаныя з няправільным абуткам”.

Студэнтку Марыну заўважаю ля юрыдычнага факультэта БДУ. Сёння экзамен, таму яна на высокіх шпільках. Марыну здзіўляе пытанне пра забарону шпілек.

У Марыны сёння экзамен 

“Шчыра кажучы, на “шпільках” мне зручней, чым нават у балетках. Таму вельмі часта выбіраю менавіта гэты абутак”, — смяецца Марына.

“А як без шпілек? Я на шпільках кожны дзень хаджу”, — кажа яшчэ адна прыхільніца высокіх абцасаў Ганна, якая носіць такі абутак штодзень.

Намеснік галоўнага ўрача Беларускага пратэзна-артапедычнага аднаўленчага цэнтра Алена Альзоба кажа Еўрарадыё, што высокія абцасы — гэта заўсёды праблемы з нагамі ў будучыні. Але ёсць розніца, калі жанчына носіць высокі абцас цэлы дзень ці пару гадзін, каб выйсці ў тэатр ці рэстаран.

“Калі жанчына прыходзіць да нас і кажа, што баляць калені, спачатку мы просім яе пераабуцца — зняць высокія абцасы”, — кажа доктар.

Балетак ды кедаў розных колераў і адценняў на вуліцах Мінска не злічыць.

Мінчанка Наталля гаворыць, што гэта самы зручны абутак. Ніякіх змен у здароўі не заўважае.

Балеткі - назаўсёды. Такая пазіцыя і яшчэ ў адной сімпатычнай дзяўчыны! 

Чатыры пары балетак за месяц зносяцца. Ды і як без балетак, без кедаў? Ранкам на прабежку — кеды, днём — у балетках, а вечарам на абцасы стала і пайшла”, — расказвае Еўрарадыё дзяўчына, што працуе афіцыянткай.

Глеб і Жанна

Гэта вельмі камфортна, зручна, модна прыгожа”,  — Глеб і яго спадарожніца Жанна не хаваюць здзіўлення — як гэта можна забараніць абутак!

Доктар Алена Альзоба заўважае, што з абуткам на плоскай падэшве не ўсё так проста. Наступствы могуць быць, калі чалавек набірае вагу, і падэшва без падтрымкі пад ціскам паступова робіцца пляскатай, а таксама калі чалавек носіць няправільны абутак доўгі час цягам дня.

“Абутак павінен быць артапедычна правільным, каб фармаваўся правільны звод падэшвы, каб не развівалася пляскатая ступня. Гэта значыць, павінныя быць супінатары, артапедычныя вусцілкі. На жаль, такія падэшвы льюць не ўсе вытворцы, і звычайна гэта больш дарагі сегмент абутку. Але гэтыя праблемы вырашаюцца — можна набыць адмысловыя вусцілкі”, — дае рэкамендацыю пра кеды доктар.

Нечакана дэпутат Алег Міхееў прызнае, што гаворкі пра забарону кедаў не ідзе. Ён прапаноўвае ў скрынкі для абутку класці інструкцыю, як у пачак цыгарэт.

“…што нашэнне такога абутку можа нашкодзіць здароўю. Мы ж дамагліся, што на цыгарэтах пачалі пісаць папярэджанне і фота. І колькасць курцоў знізілася. Людзям трэба даваць інфармацыю! Таму ні пра якую забарону абутку не ідзе гаворкі, няма ніякіх праектаў закона. Але ёсць мой зварот у Мытны саюз з просьбай вывучыць гэтае пытанне і прыняць нейкія меры”.

Як стала вядома Еўрарадыё, Еўразійская эканамічная камісія разгледзіць зварот дэпутата аб уключэнні новых медыцынскіх артапедычных патрабаванняў да абутку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі