Дэпутата Палаты прадстаўнікоў не пусцілі ў "камандзіроўку" ў Польшчу
Дэпутат сцвярджае, што матывы, якімі кіраваліся польскія ўлады, яму не зразумелыя
Дэпутата лукашэнкаўскай Палаты прадстаўнікоў Дзяніса Карася не пусцілі ў Польшчу. Як паведамляе БЕЛТА, ён хацеў у складзе місіі назіральнікаў Парламенцкай асамблеі АБСЕ паназіраць за парламенцкімі выбарамі ў гэтай краіне. Аднак стаць міжнародным назіральнікам у Варшаве ў Карася не атрымалася — 12 кастрычніка польскія памежнікі яго развярнулі на мяжы.
Карась кажа, што яго адправілі ў "камандзіроўку", бо спадзяваліся, што пытанняў не будзе. "Ні ад польскага боку, ні ад Міжнароднага сакратарыята ПА АБСЕ мы не атрымлівалі якіх-небудзь сігналаў аб тым, што мая кандыдатура ў якасці назіральніка не прымальная для польскіх уладаў", — дадае ён. Дэпутат сцвярджае, што матывы, якімі кіраваліся польскія ўлады, яму не зразумелыя.
"Мы з камандай НАУ ў пачатку 2023 года ініцыіравалі ўнясенне ў нацыянальны санкцыйны спіс Польшчы больш за 340 грамадзян Беларусі, якія адказныя за масавыя рэпрэсіі ў нашай краіне, — кажа кіраўнік НАУ Павел Латушка. — У нашых прапановах таксама знаходзіліся ўсе "дэпутаты" і "сенатары" так званага парламента Лукашэнкі. Як вядома, у траўні гэтага года польскі ўрад прыняў рашэнне аб папаўненні санкцыйнага спісу. Сёння ў Польшчу не ўпушчаны "дэпутат" Дзяніс Карась — і гэта адзін з прыкладаў дзеяння гэтых санкцый. Мы разумеем, што гэта не цалкам блакіруючыя санкцыі, але разам з тым яны ствараюць складанасці і непрыемнасці прадстаўнікам рэжыму, якія наважыліся наведаць суседнюю краіну".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.