Дэпутаты паспрабуюць угаварыць Мінадукацыі не “рэфармаваць” гімназіі
Мінадукацыі выступіла з нечаканай ідэяй: ураўнаваць школы і гімназіі па праграмах навучання. Прычым, ідэя не ў тым, каб школы падцягнуць да ўзроўню гімназіі, а гімназіі “апусціць” да ўзроўню школ. Бо, па меркаванні міністра адукацыі Ігара Карпенкі, “адукацыя павінна быць роўнадаступнай, не павінна фармавацца нейкая элітарнасць”, а адбор таленавітых дзяцей на павінен ператварацца ў спаборніцтва кашалькоў бацькоў.
Імгненна пытанне, што чакае гімназіі і іх вучняў у бліжэйшым будучым, ўсхвалявала беларускае грамадства. Далучыцца да спрэчкі вырашаюць нават дэпутаты парламента: на 29 лістапада прызначаныя парламенцкія слуханні на тэму “Нацыянальная сістэма адукацыі: стан і шляхі ўдасканальвання заканадаўчага рэгулявання”.
Па словах старшыні камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігара Марзалюка, слуханні планавыя, будзе абмеркоўвацца праект новага “Кодэкса аб адукацыі”, але не абыйдзецца і без абмеркавання будучага гімназій. Ужо відавочна, што пазіцыя дэпутатаў і Мінадукацыі ў пытанні “рэфармавання” гімназій не супадаюць.
Ігар Марзалюк: “Я глыбока перакананы ў адным: гімназіі павінны існаваць ― мы не павінны страціць лепшых дзяцей і лепшыя школы. Я лічу, што ўся філасофія павінна быць пабудаваная на тым, каб звычайную школу падцягваць да ўзроўню гімназій, а не наадварот. А там, дзе гімназіі не адпавядаюць сваёй высокай назве, там іх не павінна быць. Адно, у чым я згодны з міністрам на 100% ― не павінна быць конкурсу бацькоўскіх кашалькоў. Мусіць быць конкурс інтэлекту”.
З калегам згодная і дэпутатка Алена Анісім.
“Я за тое, каб гімназіі, як установы, якія сябе зарэкамендавалі належным чынам, засталіся. Я за тое, каб пашыралася беларускамоўная адукацыя, у тым ліку праз стварэнне гімназій з беларускай мовай навучання ў раённых цэнтрах. А ўжо што тычыцца таго, калі і як там экзамены здаваць, то гэта трэба абмяркоўваць”, ― кажа Алена Анісім.
У адказ на закід міністра адукацыі пра “непатрэбную элітарнасць”, Ігар Марзалюк кажа пра неабходнасць інтэлектуальнай канкурэнцыі сярод роўных, і як бацька гімназіста-выдатніка дадае:
“Самае галоўнае, што ёсць у гімназіі ― гэта неагрэсіўнае асяроддзе, гэта матываваныя на дасягненне высокага поспеху і на перамогі на алімпіядах ды конкурсах, з перспектывай навуковых дасягненняў, дзеці і іх педагогі. Бо для таго, каб дзіця было таленавітае, павінны быць таленавітыя педкалектывы. А на сёння ў пераважнай большасці гімназій высокаякасныя выкладчыкі. І гімназіі выконваюць ролю высокаякасных навукова-метадычных цэнтраў для ўсіх астатніх школ і з’яўляюцца ўзорам. Не кажу, што ўсе. Але там ёсць схема вельмі простая: калі дырэктар не цягне, альбо бярэ хабар, то ён павінен альбо быць пазбаўлены працы, альбо сядзець у турме. Але калі мы будзем за крытэрый браць якасць, дасягненні і ўсё астатняе, то мы пабачым, што абсалютная большасць гімназій гэтую задачу выконвае”.
Але, ці можа так здарыцца, што кіраўніцтва Мінадукацыі меркаванне дэпутатаў выслухае, але ўсё адно зробіць па-свойму? Старшыня парламенцкай камісіі спадзяецца, што міністр Карпенка не захоча “ствараць канфрантацыю ў грамадстве” і прыслухаецца не толькі да меркавання народных абраннікаў, але і бацькоў.
“Мне падаецца, што разам з міністрам, разам з Міністэрствам адукацыі, нашай камісіяй, а мы свае рэкамендацыі выпрацуем, мы прагаворым і пастараемся прыйсці да нейкага пазітыўнага выніку. Мне хочацца ў гэта верыць”, ― кажа Ігар Марзалюк.
Па словах Марзалюка, нешта накшталт экзамену ў гімназіі павінна захавацца пасля чацвёртага класа, супраць чаго выступае Мінадукацыі. Як павінна застацца спецыялізацыя з пятага класа, а не з дзявятага, за што выступае міністр Карпенка.