Для паездак беларусаў за мяжу могуць увесці ID-карткі

Для паездак беларусаў за мяжу могуць увесці ID-карткі

У Беларусі прапрацоўваецца магчымасць выкарыстання ID-картак для паездак за мяжу. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў часовы выканаўца абавязкаў па пасадзе намесніка начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Павел Хрышчановіч.

Па яго словах, зацікаўленыя дзяржаўныя органы распраоўваць магчымасць падпісаць міжурадавыя пагадненні, каб беларусы маглі выкарыстоўваць ідэнтыфікацыйныя карткі ў якасці праязных дакументаў. "Гэта магчыма зрабіць, бо пры распрацоўцы ўлічваліся патрабаванні Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі", — патлумачыў Хрышчановіч.

Ён падкрэсліў, што да ўвядзення ў пастаянную эксплуатацыю біяметрычных дакументаў казаць пра канкрэтныя напрамкі рана. МУС разам з іншымі дзяржорганамі ды арганізацыямі працуе над укараненнем у нашай краіне біяметрычных дакументаў і стварэннем Беларускай інтэграванай сэрвісна-разліковай сістэмы (БІСРС).

Мяркуецца выкарыстоўваць ідэнтыфікацыйную картку як унутраны дакумент для пасведчання асобы. А для выезду за мяжу будзе ўведзены біяметрычны пашпарт. Па словах спецыяліста, ідэнтыфікацыйныя карткі будуць выдавацца не раней за 2019 год.

Пры зменах у заканадаўства плануецца прадугледзець, каб грамадзяне Беларусі маглі атрымаць два біяметрычныя пашпарты для выезду за мяжу. Пры ўкараненні біяметрычных тэхналогій не плануецца абавязкова мяняць дзеючыя пашпарты на новыя. Замена будзе адбывацца па меры заканчэння дзеяння дакумента або па жаданні яго ўладальніка. Усе раней выдадзеныя пашпарты будуць сапраўдныя у тым ліку для выезду за межы Беларусі да канца тэрміну іх дзеяння.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі