Доктар заразіў гепатытам або няправільна прыняў роды? У турму

Урачэбная памылка / torange.biz
Урачэбная памылка / torange.biz

У Беларусі хочуць пашырыць фармулёўку крымінальнага артыкула ў дачыненні да медыкаў так, каб прыцягнуць іх да адказнасці можна было не толькі за смерць пацыента або прычыненне цялесных пашкоджанняў, але і за іншыя цяжкія наступствы. У распараджэнні Еўрарадыё аказаўся дадатак да дакумента, пад загалоўкам "Прапанова Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь". У ім пазначаны прабелы ў заканадаўстве, праз якія не ўсе дзеянні дактароў, якія наносяць сур'ёзную шкоду здароўю хворага, могуць пацягнуць крымінальную адказнасць.

У Следчым камітэце Еўрарадыё распавялі, што гэты дакумент падрыхтаваны не ў СК. Але "пытанне гэтае мела месца быць і ўздымалася, мы накіроўвалі прапановы. Мы накіроўвалі шэраг дакументаў у частцы, датычнай нас".

Врач заразил гепатитом или неправильно принял роды? В тюрьму

У чым праблема і што прапануецца змяніць?

У дакуменце сказана, што Міністэрства аховы здароўя лічыць неабходным змяніць фармулёўку артыкула 162 Крымінальнага кодэкса "Неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам". У яе дзейнай рэдакцыі гаворыцца, што доктара можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за "прычыненне пацыенту па неасцярожнасці цяжкага або менш цяжкага цялеснага пашкоджання" ці за дзеянні, што "пацягнулі па неасцярожнасці смерць пацыента або заражэнне ВІЧ".

У такім выглядзе артыкул не ахоплівае ўсіх выпадкаў, калі хворыя пакутуюць з-за медыцынскай памылкі. Дакумент змяшчае некалькі канкрэтных прыкладаў. Грамадзяне К., М., К. і Ж. паскардзіліся, што захварэлі на гепатыт пасля аказання медыцынскай дапамогі ў адной з мінскіх клінічных бальніц. Аднак судмедэкспертыза не змагла прызнаць захворванне на вірусны гепатыт С цялесным пашкоджаннем, паколькі ён выклікаецца мікраарганізмамі.

Яшчэ адна гісторыя разгарнулася ў адной з раённых бальніц. Судмедэксперты ўстанавілі, што, прымаючы роды ў З., медыцынскія работнікі дапусцілі "шматлікія парушэнні". Мозг дзіцяці быў пашкоджаны, гэта прывяло да дзіцячага цэрэбральнага паралічу. Аднак атрыманыя немаўлём траўмы "адносяцца да катэгорыі паталагічных станаў, якія ўзнікаюць падчас праходжання родаў" і ў цяперашні час таксама не з'яўляюцца цялеснымі пашкоджаннямі з пункту гледжання Крымінальнага кодэкса.

Каб выправіць гэта, да ўжо наяўных у фармулёўцы артыкула цяжкага і менш цяжкага цялесных пашкоджанняў прапануецца дадаць словы "або iншых цяжкіх наступстваў". Пад імі прапануецца разумець "устаноўленае судова-медыцынскай экспертызай незваротнае парушэнне фізіялагічнай функцыі арганізма чалавека, абумоўленае няякасным аказаннем медыцынскай дапамогі".

Таксама Міністэрства аховы здароўя рыхтуе змены ў закон "Аб ахове здароўя". Там павінны з'явіцца тэрміны "якасць медыцынскай дапамогі", "экспертыза медыцынскай дапамогі" і патрабаванні, у адпаведнасці з якімі аказваецца меддапамога.
 

"Чалавек не заўсёды з'яўляецца прычынай здарэння"

Врач заразил гепатитом или неправильно принял роды? В тюрьму

Хто будзе вырашаць, належным або неналежным чынам дактары выканалі сваю працу? Распрацоўкай сістэмы кантролю і крытэраў якасці медыцынскай дапамогі займаўся РНПЦ медыцынскай экспертызы і рэабілітацыі. Дырэктар цэнтра Васіль Смычак расказаў Еўрарадыё, што дакумент ужо знаходзіцца ў Міністэрстве аховы здароўя на зацвярджэнні:

"На базе нашага цэнтра адкрыты аддзел экспертызы якасці аказання меддапамогі, дзе кантроль будзе ажыццяўляцца на рэспубліканскім узроўні. На абласным ён будзе забяспечвацца на базе медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі, а ў раёнах будзе ў кожнай бальніцы ўрачэбна-кансультацыйная камісія.

Што да крытэраў, то іх пакуль рана агучваць, бо дакумент яшчэ не зацверджаны. Але яны ўжо прапрацаваны. Кантроль якасці і раней ажыццяўляўся, і цяпер ажыццяўляецца. Проста мы вырашылі стварыць новую сістэму аказання дапамогі, каб мінімізаваць памылкі".

Якасць аказання медыцынскіх паслуг будзе правярацца адмысловымі інспекцыямі. Для кожнай медыцынскай установы і розных дактароў, у залежнасці ад іх узроўню, распрацаваны асобныя крытэры.

Што да пашырэння крымінальнай адказнасці для дактароў, Васіль Смычак лічыць, што гэта вельмі складанае пытанне і ў кожным канкрэтным выпадку павінен адбывацца падрабязны разбор:

"Існуе паняцце "мадэль швейцарскага сыру" — гэта азначае, што ў некаторых выпадках розныя схаваныя фактары так накладваюцца адзін на аднаго, што могуць прывесці да трагічнага выніку. Дзесьці чалавек не прайшоў патрэбнае павышэнне кваліфікацыі, ці здзейсніў медыцынскую памылку, ці ідзе банальная аперацыя, але здарылася ўскладненне. І гэта прывяло да лятальнага канца. Але чалавек не заўсёды з'яўляецца прычынай здарэння. Трэба ўлічваць масу нюансаў, якія крыюцца ў арганізацыі лячэбнага працэсу, а не ў асобных людзях.

Трэба вельмі асцярожна падыходзіць да гэтага пытання. Тым больш калі мы гаворым пра крымінальныя артыкулы. У кожным канкрэтным выпадку патрэбен вельмі падрабязны аналіз. Таму што — так, бываюць выпадкі, калі ўрачэбная памылка, дзесьці, можа, трэба сапраўды вельмі сур'ёзна караць. Але ў кожным канкрэтным выпадку трэба вельмі сур'ёзна разбірацца".

У самім дакуменце гаворыцца, што пашырэнне фармулёўкі крымінальнага артыкула трэба для "абароны канстытуцыйных правоў чалавека на жыццё і ахову здароўя і папярэджання злачынных замахаў".
 

Ці не справакуе пагроза крымінальнага пакарання адток дактароў з краіны?

У снежні 2019 года Аляксандр Лукашэнка выказваўся аб адтоку медыкаў з Беларусі. Тады ён заявіў, што будуць прымацца меры, каб утрымаць спецыялістаў і стварыць неабходныя ўмовы для жыцця і працы.

На пачатак 2020 года ў беларускіх бальніцах не хапала амаль тры тысячы медыкаў. Часцей за ўсё з'язджаюць у Польшчу і Германію. У Польшчы цяпер працуе больш за 230 спецыялістаў з Беларусі, і польскі ўрад плануе ўвесці новыя правілы прыёму дактароў з-за межаў ЕС, якія аблягчаюць працаўладкаванне ў медыцынскай сферы.

У Міністэрстве аховы здароўя на працягу амаль двух месяцаў не змаглі адказаць на нашы пытанні пра запланаванае пашырэнне фармулёўкі крымінальнага артыкула і крытэры ацэнкі якасці меддапамогі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі