Доктара-анколага, якога шукалі трое сутак, аштрафавалі на 675 рублёў
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 22 чэрвеня аштрафаваў доктара-анколага Віктара Хвашчэўскага на 675 рублёў (25 базавых велічыняў). Як піша TUT.by, мужчыну прызналі вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу і супраціве законным патрабаванням міліцыі.
Як распавядала Еўрарадыё, Хвашчэўскага затрымалі 19 чэрвеня, калі ён вяртаўся з працы. На праспекце Дзяржынскага праходзіў "ланцуг салідарнасці". Доктар спыніўся паразмаўляць са знаёмай і трапіў пад "зачыстку" амапаўцаў. Сваякі і сябры трое сутак шукалі, дзе знаходзіцца затрыманы лекар.
На судзе мужчына прызнаў, што 19 чэрвеня ўвечары быў на праспекце Дзяржынскага, але лозунгі не выкрыкваў і не адмаўляўся ісці ў аўтазак з амапаўцамі.
"Я ў той вечар ехаў у кнігарню, не ведаў ні пра які мітынг. Убачыў, што стаіць сястра маёй аднакласніцы, яна выйшла на шпацыр з сабакам, падышоў, мы дзесьці паўгадзіны размаўлялі. Я бачыў, што там сабраўся народ, але мы проста размаўлялі, нічога не выкрыквалі. Мяне затрымаў АМАП. Я выконваў іх патрабаванні, таму што разумеў, інакш будзе яшчэ горш. Ніякага супраціву не аказваў", — заявіў на судзе Хвашчэўскі.
Аднак сведкі— амапаўцы заявілі, што Хвашчэўскі парушаў грамадскі парадак, таму на яго склалі пратакол.
Кіроўца-міліцыянт Віталь Зіновік, чый рапарт лёг у аснову адміністрацыйнай справы, блытаўся ў паказаннях і на шмат якія пытанні адказваў фразай "Не памятаю"
— Дзе менавіта знаходзіліся людзі, якія сабраліся? — спытала суддзя Ала Скуратовіч.
— Не памятаю.
— Як не памятаеце?
— Ну, было шмат людзей.
— Як яны стаялі ў крузе, натоўпам?
— Не памятаю.
— У сувязі з чым не памятаеце?
— Проста. Не памятаю. І ўсё.
Па версіі Зіновіка, Хвашчэўскі крычаў "Стоп таракан!", "Свабоду Ціханоўскаму", не сыходзіў пасля папярэджання і супраціўляўся пры затрыманні.
Другі сведка-амапавец Аляксандр Паўлюкевіч заявіў, што доктар патрабаваў свабоду Статкевічу, а не Ціханоўскаму. Але, як і калега, Паўлюкевіч шмат чаго не памятае пра падзеі таго вечара.
Калегі падалі ў суд характарыстыку Хвашчэўскага з месца працы. У ёй сказана, што ён высакакласны хірург-анколаг, адказны чалавек.
Аднак суддзя Скуратовіч палічыла, што віна доктара цалкам даказаная і аштрафавала яго.
Дарэчы, яму яшчэ давядзецца заплаціць за трое сутак, якія доктар правёў у ізалятары часовага ўтрымання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.