Допінг-скандал: беларускую бягуху Карэйву дыскваліфікавалі на 2 гады
Такое рашэнне прыняла Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый.
У выніку, Наталля Карэйва (на здымку), беларуская лёгкаатлетка, фіналістка летніх Алімпійскіх гульняў 2012 года на дыстанцыі 1500 метраў, не зможа паўдзельнічаць у Алімпіядзе 2016 года ў Бразіліі. Як інфармуе БЕЛТА, прычынай дыскваліфікацыі спартсменкі сталі "абнармальныя паказчыкі яе біялагічнага пашпарту". Эксперты аналізавалі і апрацоўвалі спецыяльнай праграмай пробы, якія браліся ў розны час. Знайшлося пацверджанне ўжывання беларускай забароненых прэпаратаў.
Адлік двухгадовай дыскваліфікацыі Карэйвы пачаўся з 22 жніўня 2014 года. Дарэчы, яна мае права абскардзіць рашэнне Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый.
Нагадаем, на Алімпіядзе 2012 года Наталля Карэйва ў фінальным забегу на 1500 метраў заняла сёмае месца. Некаторы час 28-гадовая бягуха ўжо не ўдзельнічала ў спаборніцтвах у сувязі з нараджэннем дзіцяці.
Фота — grodnonews.by