Доўгія выходныя ў Беларусі азмрочацца кепскім надвор’ем. Відэа
Халодны атмасферны фронт прынясе ападкі і пахаладанне.
Цёплае і сухое надвор’е, якім адзначыўся праваслаўны Вялікдзень, ужо цяпер пачало заўважна змяняцца. Прагноз неспрыяльны.
“Чакаецца халаднаватае ветранае і вільготнае надвор’е. У першую палову тыдня будзе паступаць халодная паветраная маса з Балтыйскага мора. Потым халодны амтасферны фронт сыйдзе і ім пачне паступаць яшчэ халаднейшая паветраная маса з паўночых мораў”, — кажа Еўрарадыё начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў.
Аўторак: чакаюцца кароткачасовыя ападкі, магчымы нават мокры снег. Удзень месцамі навальніцы, вецер парывамі да 15-20 метраў за секунду, тэмпература паветра ўначы —+1...+4, удзень — ад +5 да +11 на поўдні. На аўторак аб’явілі штармавое папярэджанне.
Серада: таксама ападкі — дождж, магчыма з мокрым снегам. На паўднёвым захадзе захаваецца парывісты вецер. Уначы будзе -3...+4, удзень +5...+10 да паўднёвым захадзе да +13.
Чацвер: дзень будзе самым непагодлівым. Праз Беларусь пройдуць найбольш актыўныя атмасферныя фронты. Чакаецца ўзмацненне ветру да 15-20 метраў за секунду, а на паўночным усходзе да 23. Уначы +2...+9, удзень +6...+12 і да +13...+16 на поўдні.
Пятніца: Беларусь пачне пакідаць халодны фронт і за ім прыйдзе яшчэ халаднейшая паветраная маса з паўночных мораў. Чакаюцца ападкі, уначы 0...+7 удзень ад +5 да +12 на поўдні.
На вялікіх выходных надвор’е, нажаль, не палепшыцца: прагназуецца мокры снег з дажджом, -3...+3 уначы і +4...+10 удзень. У панядзелак і аўторак таксама будзе халаднаватае і дыскамфортнае надвор’е.
Але ў прынцыпе такое надвор’е і тэмпература характэрная для сярэдзіны красавіка, дадае Дзмітрый Рабаў. Цяплей стане толькі ў апошнія 5 дзён красавіка.