Дронам забаранілі лётаць над школай Колі Лукашэнкі

Дронам забаранілі лётаць над школай Колі Лукашэнкі

Міністэрства абароны Беларусі акрэсліла тэрыторыі, над якімі забароненыя палёты авіямадэляў і дронаў. Адпаведная пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Дакумент падпісаў міністр абароны Андрэй Раўкоў, ён узгоднены з Міністэрствам транспарту і камунікацыяў.

У спісе 21 аб’ект, забароненая зона вакол іх вызначаецца каардынатамі і радыусам. Сярод іх — 8 вайсковых частак: каля вёскі Бронная Гара (Брэсцкая вобласць), каля вёскі Прудок (Віцебская вобласць), каля вёскі Піянер, каля Добруша, Рэчыцы (Гомельская вобласць), каля вёсак Бобр і Аўсееўка (Мінская вобласць), каля вёскі Вялікая Гарожа (Магілёўская вобласць).

Палёты таксама забароненыя над некалькімі ўрадавымі аб’ектамі: каля вёскі Перарова (Белавежская пушча), аб’ект у Бярэзінскім запаведніку, на Мінскім моры і каля вёскі Зацань ля сталіцы.

На 10 км вакол Ігналінскай АЭС — забароненая для палётаў зона. У яе трапляе наша вёска Дрысвяты і беларуская частка возера з такой жа назвай. 

У сталіцы свабоднымі ад палётаў авіямадэляў і дронаў з’яўляюцца прасторы над рэзідэнцыяй прэзідэнта, палацам Незалежнасці, царквой на Даўгінаўскім тракце ў мікрараёне Навінкі, развязкай МКАД-Ціміразева. Двойчы ў спісе згадваецца спартовая база “Алімпіец” на Мінскім моры каля вёскі Сёмкава.

Забароненыя палёты над “Гроднаазотам” і невядомым аб’ектам каля возера Рудня ў Слуцкім раёне.

Таксама ў дакуменце пазначаны аб’ект у Астрашыцкім гарадку. У зону вакол яго трапляе і мясцовая школа, дзе вучыцца сын Аляксандра Лукашэнкі Мікалай.

Пры пераносе каардынатаў на карту Google у некаторых выпадках могуць быць недакладнасці, якія не дазваляюць вызначыць аб’ект.

Па законе пад словам “авіямадэль” разумеецца “лётны апарат без чалавека на борце, кіраванне палётам якога магчымае толькі пры ўмове візуальнага кантакту з ім, а таксама некіруемы свабодналётны апарат”. Такія прылады не трэба рэгістраваць.

Палёты авіямадэляў могуць здзяйсняцца на вышыні, не большай за 100 метраў ад узроўню паверхні зямлі ці вады. Тыя з іх, што важаць больш за 500 грамаў, падлягаюць абавязковай маркіроўцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі