Другую паласу ў аэрапорце Мінск увядуць у эксплуатацыю прыкладна праз месяц
Другая ўзлётна-пасадачная паласа ў Нацыянальным аэрапорце Мінск будзе ўведзеная ў эксплуатацыю напрыканцы красавіка — на пачатку траўня. Такія тэрміны назваў дырэктар Дэпартамента па авіяцыі Мінтранса Арцём Сікорскі, перадаюць "Мінск-Навіны".
Будаўніцтва новай узлётна-пасадачнай паласы ў аэрапорце, па словах чыноўніка, завершанае 7 лістапада 2018 года. Цяпер Дэпартамент па авіяцыі праводзіць сертыфікацыю аэрадрома Мінск-2 з улікам новай паласы.
Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка падкрэсліў, што сёння асаблівая ўвага надаецца гатоўнасці Нацыянальнага аэрапорта да прыёму спартоўцаў і гасцей II Еўрагульняў.
Таксама ён дадаў, што вядуцца перамовы з міжнароднымі перавозчыкамі пра іх прыход у рэгіянальныя аэрапорты. Не выключана, што ў Гомель і Гродна прыйдуць лоўкостары.