Два беларусы ў Польшчы рассылалі наркотыкі праз пачкаматы

Наркотыкі, ілюстрацыйнае фота / Mokotow.policja.gov.pl
Справу двух беларусаў, абвінавачаных у гандлі наркотыкамі, будзе разглядаць акруговы суд Беластока. Аднаму з абвінавачаных 37 гадоў, другому — 27. У польшчы яны знаходзяцца легальна.
Як піша MOST, пракуратура вінаваціць нашых суайчыннікаў, што ў 2023-24 гадах яны на працягу шасці месяцаў займаліся незаконным абаротам наркотыкаў. Іх кліентамі былі пераважна імігранты з Усходу. Мужчыны атрымлівалі праз пачкаматы пасылкі з наркотыкамі, дзялілі іх на больш дробныя дозы і рассылалі таксама пасылкамі.
37-гадовы беларус прызнаў віну ў гандлі наркотыкамі, але заявіў, што не ўдзельнічаў у злачыннай групе. У пошуках хуткага заробку мужчына знайшоў у месенджары прапанову аб працы ў інтэрнэт-краме. Арганізатары пакінулі для яго "ў кустах" тэлефон. На гэты тэлефон яму прыходзілі паведамленні з QR-кодамі для атрымання пасылак з пачкаматаў. Абвінавачаны кажа, што не ведае, каму адпраўляў наркотыкі, бо асабістыя звесткі яму не перадавалі — толькі QR-коды для адпраўкі.
Грошы за сваю дзейнасць ён атрымліваў праз BLIK на перададзены зламыснікамі тэлефон. За кожнае адпраўленне яму плацілі па 15 злотых. Мужчына высылаў за дзень да 40 пасылак, за месяц ён зарабляў 8-10 тысяч злотых.
Пасля арышту яго выпусцілі на волю. Ён кажа, што цяпер знайшоў жыллё і працу.
27-гадовы беларус, як сцвярджае следства, займаў больш высокую прыступку ў злачыннай іерархіі. Ён не прызнаў віну і працяглы час знаходзіцца пад арыштам. Сам беларус сцвярджае, што са сваёй дзяўчынай прадаваў аксэсуары для татуіровак. ён гаворыць, што нікому не высылаў ніякіх пасылак.
У маладога чалавека знайшлі болесуцішальныя і апіоідныя лекавыя сродкі. Ён заявіў, што гэтыя лекі яму выпісаўз доктар, з якім ён кантактаваў праз месенджар. Грошы за лекі ён высылаў з дапамогай BLIK.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.