Двух беларускіх машыністаў цягніка затрымалі ў Літве
Літоўскія памежнікі затрымалі за кантрабанду цыгарэтаў двух жыхароў Віленскага раёна і двух беларускіх машыністаў цягніка. Пра гэта паведамляе прэс-служба Бюро бяспекі дзяржаўнай мяжы пры МУС Літвы.
20 студзеня памежнікі заўважылі падазроную Audi A6 каля пасёлка Парудаміна. У праваахоўнікаў была аператыўная інфармацыя, што на гэтым аўто могуць перавозіць кантрабанду. За рулём машыны быў 32-гадовы мясцовы жыхар, а разам з ім — 23-гадовая дзяўчына. У салоне машыны памежнікі выявілі сумкі, дзе ляжалі 2600 пачкаў цыгарэт з беларускімі акцызамі.
У той жа дзень памежнікі затрымалі машыністаў грузавога цягніка з Беларусі. Аднаму з затрыманых 32 гады, другому — 34. Іх падазраюць у кантрабандзе цыгарэтаў. Як мяркуе следства, мужчыны перавозілі цыгарэты ў поласцях лакаматыва, а потым выгрузілі ва ўмоўленым месцы, дзе кантрабанду забралі мясцовыя жыхары.
Усіх чатырох затрымалі, ідзе дасудовае расследаванне.
Каб вярнуць цягнік назад у Беларусь, у Літву выязджалі калегі затрыманых машыністаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.