Дыджэяў, якія ўключылі песню "Перамен!", даставілі ў міліцыю з пабоямі
Дыджэяў Кірыла Галанава і Уладзіслава Сакалоўскага, якія ўключылі песню "Перамен!" у Кіеўскім скверы, даставілі ў міліцыю збітымі. Пра гэта парталу TUT.by распавяла затрыманая ў той жа вечар Карына Ласкавец.
Дзяўчыну з сябрамі даставілі ў Цэнтральнае РУУС за тое, што фатаграфаваліся ў цэнтры Мінска. Каля дзятай гадзіны вечара туды ж даставілі Сакалоўскага і Галанава.
"Калі мы ўжо былі ў міліцыі, пачулі, як абмяркоўваліся артыкулы, па якіх іх збіраліся даставіць. Здаецца, арт. 17 (арт. 17.1 "Дробнае хуліганства") і непадпарадкаванне (арт 23.4 КААП). Хлопцы здаваліся збітымі. У высокага чалавека з доўгімі валасамі (Уладзіслава. — TUT.BY) лоб і вочы былі проста чырвонымі-чырвонымі. У другога адна палова твару была чырвонай, і ён прыкладваў бутэльку, каб не было ацёку", — распавядае пра пабачанае Карына Ласкавец.
Іншыя затрыманыя спрабавалі загаварыць з хлопцамі. Але тыя пад прыгладам амапаўцаў, здаецца, не рызыкавалі адказваць.
Дарэчы, дзяўчыну з кампаніяй затрымалі за тое, што яна ў белай сукенцы з чырвоным гарсэтам фатаграфавалася на фоне белай прасціны. "Палічылі, што мы ствараем правакацыю", — тлумачыць Карына.
Іх кампанію адпусцілі каля дзясятай гадзіны вечара без пратаколаў.
Як паведамляла Еўрарадыё, Кірыла Галанава знайшлі на Акрэсціна. Сёння над ім адбудзецца суд. Месцанаходжанне Уладзіслава Сакалоўскага пакуль афіцыйна не вядомае.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.