Дзе танней купляць тэхніку — у Беларусі ці ў Польшчы? Параўналі цэны
Дзе танней купляць бытавую тэхніку?
Калі вы калі-небудзь ездзілі ў Польшчу на шопінг, то, верагодна, набывалі там разнастайную бытавую тэхніку. Па-першае, у заходняга суседа амаль заўсёды танней, па-другое, можна аформіць tax free. Усё гэта дазваляе зэканоміць часам да паловы кошту ўмоўнага тэлевізара або ноўтбука.
Ці можна сёння зэканоміць на тых жа тэлевізарах, калі везці іх з Польшчы? Еўрарадыё параўнала цэны на адны і тыя ж тавары ў папулярных гандлёвых сетках Беларусі і Польшчы. І вось дзе танней. Прыкметна танней.
Тэлевізары — купляць у Польшчы ці ў Беларусі?
Хоць на Беларусь і наклалі санкцыі на пастаўку некаторых тавараў, на бытавую тэхніку яны не распаўсюджваецца.
Спачатку параўнаем кошт тэлевізараў. Выбіраем 139-сантыметровы LG 55UT81006LA з функцыяй смарт-ТБ, вайфаем і блютузам.
У Беларусі ён на зніжцы і замест 3999 рублёў каштуе 3799. У Польшчы роўна такі ж халадзільнік вы можаце купіць за 3299 злотых (2754 рубля).
Эканомія пры куплі ў Польшчы — 1054 рубля.
Мікрахвалёўкі
Яшчэ адзін тавар, які больш выгадна купляць у Польшчы — мікрахвалёўкі.
Печку SAMSUNG умяшчальнасцю 23 літры з біякерамікі ў Мінску вы купіце за 589 рублёў (гэта са зніжкай у 110 рублёў).
Такая ж самая мікрахвалеўка ў польскай краме каштуе 599 злотых (500 рублёў).
Розніца ў цэнах на пыласосы
У адрозненне ад халадзільнікаў, пыласосы беларусы раней вазілі з Польшчы вельмі актыўна. Для параўнання выбіраем вертыкальны пыласос фірмы Dyson. Мадэль V15S DETECT SUBMARINE з фільтрам у Беларусі каштуе 3999 рублёў.
У Польшчы такі пыласос вы купіце за 3949 злотых (3297 рублёў).
Эканомія — 702 рублі.
Дзе больш выгадна купляць смартфон
Для прыкладу разгледзім адну з найноўшых мадэляў смартфонаў ад Apple. І ў Беларусі, і ў Польшчы iPhone 16 — адзін з самых папулярных тэлефонаў.
Гаджэт на 128 ГБ каштуе ў Беларусі 3799 рублёў. У Польшчы Вы зможаце яго купіць за 3899 злотых (3255 рублёў).
А вось цэны на Samsung Galaxy S24 Ultra апынуліся ніжэйшымі ў Беларусі — 3899 рублёў, у той час як у Польшчы — 4799 злотых (4029 рублёў).
Не менш папулярны Xiaomi Redmi Note 13 у Беларусі каштуе 799 рублёў, у Польшчы столькі ж, але ў злотых (670 рублёў).
Выбіраем гульнявыя прыстаўкі
Любіце геймінг? Глядзім цэны на прыстаўкі. SONY PLAYSTATION 5 SLIM на 1 тэрабайт каштуе ў беларускай краме 2539 рублёў.
У Польшчы гэты дэвайс можна купіць танней — за 2699 злотых (2253 рублі). І тут суцэльная эканомія.
А кошты на пасудамыйкі?
Убудавальная пасудамыйная машына фірмы BOSCH са зніжкай у 110 рублёў каштуе ў беларускай краме 1779 рублёў.
У Польшчы гэты апарат каштуе прыблізна столькі ж — 2099 злотых (1752 рублі).
Кавамашыны
Аматарам кавы таксама больш выгадна купляць у Польшчы.
Так, кавамашына SIEMENS TE654319RW каштуе ў Беларусі 3849 рублёў, а ў Польшчы — усяго 3249 злотых (2713 рублёў).
Што ў выніку?
Амаль усе цэны на тэхніку, якую мы параўналі, аказаліся ніжэйшымі ў Польшчы.
Нагадаем таксама, што сярэдні заробак у Польшчы да выліку падаткаў складае 8140 злотых (6754,8 рубля), а ў Беларусі — 2363,4 рубля.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.