"Дзецям дазволілі быць на ўроках у куртках": бацькі скардзяцца на холад у школах
Тэрмометр у спартыўнай зале школы ў Оршы / фота чытача TUT.BY
Пасля некалькіх урокаў дзецям нарэшце дазволілі надзець курткі і сядзець на занятках у вопратцы, расказала парталу rebenok.by мама адной з вучаніц мінскай сярэдняй школы № 84.
"Дзеці знялі на відэа, як саскрабаюць іней з унутранага боку вокнаў. Пры гэтым дадому нікога не адпускалі. Настаўніца сказала: толькі калі бацькі прыедуць і забяруць. Але ж гаворка ідзе пра падлеткаў, а не пра малых (у пачатковай школе якраз было цёпла). Чаму не адпусцілі, незразумела", — кажа жанчына.
Датэлефанавацца да дырэктара школы яна не змагла. Журналістам у школе пацвердзілі, што ў некалькіх класах у панядзелак сапраўды было вельмі холадна, хоць у цэлым, па іх словах, з ацяпленнем у школе ўсё нармальна.
"З ацяпленнем усё нармальна... проста такая тэмпература на дварэ. Сам будынак за выходныя "настыў" (астудзіўся)", — сказалі ў школе. Суразмоўца партала запэўніў журналістаў і бацькоў, што "сёння-заўтра ўсё будзе нармальна, дагэтуль жа ўсё было нармальна".
"У нас такая сітуацыя з года ў год. Калі надыходзіць які-небудзь тыдзень маразоў пад 20 градусаў, то адзін бок будынка настывае. Іншы бок, побач з цеплавузлом, цяплейшы", — удакладнілі ў навучальнай установе.
З падобнымі праблемамі сутыкнуліся і ў 11-й гімназіі Мінска, а таксама ў школах Новалукомля і Смалявічаў.
"У школе ў класе ўсяго 13 градусаў. Чаму дырэктар не прыняў рашэнне вызваліць навучэнцаў у моцныя маразы? Слоў няма", — кажа мама аднаго з вучняў смалявіцкай школы.
З Оршы ў рэдакцыю партала прыйшло фота тэрмометра, які вісіць у спартыўнай зале. Ён паказвае 9 градусаў цяпла.
Пры гэтым, згодна з санітарнымі патрабаваннямі, тэмпература ў класах павінная быць 18-20℃, а ў спартзалах — 15-18℃.
На панядзелак 18 студзеня Белгідрамет аб'яўляў аранжавы ўзровень небяспекі праз моцныя маразы — папярэджваў, што тэмпература можа ўпасці да мінус 29 градусаў. Экстрэмальна халоднае надвор'е пратрымаецца ў Беларусі яшчэ пару дзён. З чацвярга сіноптыкі прагназуюць паслабленне маразоў — у чацвер днём абяцаюць ад -2 да + 4.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.