Дзень беларускай вайсковай славы адзначаць у Варшаве
8 верасня тут адбудзецца шэсце ў гонар беларускай Перамогі ў бітве пад Оршай.
Мерапрыемства, арганізаванае “Беларускай Нацыянальнай Памяццю”, пачнецца а 12-й ад помніка Дэ Голю.
Нагадаем, 8 верасня 1514 года адбылася Аршанская бітва, у якой войска ВКЛ перамагло амаль утрая большую па колькасці армію Маскоўскай дзяржавы.
30-тысячнае войска ВКЛ пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага літаральна разграміла маскоўскія палкі, агульная колькасць якіх перавышала 80 тысяч. Пад Оршай гетман Астрожскі ўпершыню ў вайсковай гісторыі выкарыстаў артылерыйскі залп з засады. Гэта і адыграла вырашальную ролю ў ходзе бітвы. У тагачаснай Еўропе Аршанская бітва стала адной з найбуйнейшых, а для беларускай вайсковай гісторыі увогуле самай значнай перамогай.
З пачатку 1990-х гадоў мінулага стагоддзя 8 верасня ў Беларусі неафіцыйна адзначаецца як Дзень беларускай вайсковай славы.