Джо Байдэн зноў рэзка выказаўся пра Пуціна — назваў мясніком
Джо Байдэн
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн назваў расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна мясніком. Гэтую заяву ён зрабіў на перадвыбарным мерапрыемстве ў штаце Паўночная Караліна. Трансляцыю вёў на YouTube тэлеканал MSNBC.
"Мы маглі б зрабіць так шмат важных рэчаў, у тым ліку нарэшце паклапаціцца аб выдзяленні дапамогі Украіне [для абароны] ад гэтага мясніка Пуціна", — сказаў Байдэн.
Байдэн не першы раз рэзка выказваецца ў адрас Пуціна. Раней ён называў расійскага прэзідэнта "галаварэзам" і "вар'ятам сучыным сынам". У Маскве раней казалі, што "такая лексіка прыніжае саму Амерыку".
Нагадаем, Расія ў 2022 годзе развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. У ЗША і ЕС таксама лічаць, што ўлады РФ маюць дачыненне да гібелі ў калоніі Аляксея Навальнага, галоўнага апанента Уладзіміра Пуціна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.