Дзмітрыеў у Еўропу не спяшаецца, а Рымашэўскі не ведае, ці выпусцяць
Адзін з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" бліжэйшым часам будзе ездзіць па Беларусі, а не за мяжу.
Пра гэта Андрэй Дзмітрыеў распавёў у каментары Еўрарадыё:
Дзмітрыеў: "Мой план зараз — ехаць у Оршу, потым Віцебск і Полацк, у рамках "Народнага рэферэндуму". І пасля, думаю, Еўропе прыйдзецца пачакаць, таму што і наступны тыдзень шмат паездак па Беларусі".
Дзмітрыеў кажа, што напрыканцы лета яны з жонкай запланавалі адпачынак у Грузіі. І да таго, магчыма, зробіць адну замежную паездку па працы.
А вось адзін з кіраўнікоў аргкамітэта Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Віталь Рымашэўскі ўжо сабраўся за мяжу, але не ведае, ці выпусцяць яго.
Рымашэўскі: "Маю намер у сераду быць у Літве, у Вільні, і не толькі ў Вільні. Але ці будзе мне дазволены выезд за мяжу, гэта не вядома. Як толькі што мне сказалі ў Галоўнай выканаўчай інспекцыі, тое, што справа скончылася (яны сёння абяцалі адаслаць дакументы ў пашпартны стол), не азначае, што мне будзе дазволены выезд за мяжу. Таму што, як яны сказалі, магчыма, ёсць забарона па іншых дзеяннях".
Ці зможа Рымашэўскі бесперашкодна выехаць за мяжу, ён збіраецца даведацца ў аўторак.
Нагадаем, сёння скончыліся ўмоўныя тэрміны пазбаўлення волі ў пяці фігурантаў справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года — Віталя Рымашэўскага, Андрэя Дзмітрыева, Сяргея Вазняка, Аляксандра Фядуты і Сяргея Марцалева.
Фота Віталя Рымашэўскага — svaboda.org