Дзмітрый Лаеўскі абскардзіць рашэнне аб пазбаўленні яго ліцэнзіі

Дзмітрый Лаеўскі / viktarbabarykaofficial​
Дзмітрый Лаеўскі / viktarbabarykaofficial​

Былы адвакат Віктара Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі падаў скаргу на пастанову дысцыплінарнай камісіі Мінскай гарадской калегіі адвакатаў (МГКА) аб пазбаўленні яго адвакацкай ліцэнзіі.  Дакумент ён накіраваў у Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў, а тэкст апублікаваў у сваім тэлеграм-канале.

Юрыст лічыць, што быў "адвольна пазбаўлены права на прафесію" толькі таму, што ажыццяўляў прававую абарону Віктара Бабарыкі. У сваёй скарзе ён нагадаў, што асноўным аргументам дысцыплінарнай камісіі было тое, што ён у судовых спрэчках выказаў сваё меркаванне. Сутнасць выказвання: доказаў віны іншых фігурантаў "справы "Белгазпрамбанка" няма.  У Мінскай гарадской калегіі адвакатаў інтэрпрэтавалі гэтыя словы як "некарэктныя выказванні ў дачыненні да дзейнасці сваіх калег".

Паводле слоў Лаеўскага, тэкст пастановы дысцыплінарнай камісіі "прыводзіць да высновы, што яна была напісаная да пасяджэння, а само пасяджэнне было праведзена толькі для стварэння бачнасці разбору". Ён таксама нагадаў, што вырашальнай акалічнасцю для членаў камісіі стала "непрызнанне ім віны".

"Тым самым дысцыплінарная камісія адпрэчыла нават маё права заяўляць аб адсутнасці прыкмет дысцыплінарнай правіны і прыводзіць довады ў сваю абарону — гэта значыць, адпрэчыла прынцып прэзумпцыі невінаватасці. Гэта дэманструе не толькі наяўнасць неадольнага дэфекту працэдуры, якая зневадае фундаментальны прынцып дзейнасці адвакатаў, але і прадузятасць членаў камісіі, якая вынесла ганебнае для адвакатуры рашэнне аб пакаранні адваката за абарону чалавека ў судзе", — гаворыцца ў скарзе Дзмітрыя Лаеўскага.

У выніку ён просіць адмяніць пастанову дысцыплінарнай камісіі "як неправамерную і неабгрунтаваную і спыніць у дачыненні да яго дысцыплінарную вытворчасць"

За паслявыбарчы перыяд у Беларусі цэлы шэраг адвакатаў, якія абаранялі "палітычных" зняволеных, былі пазбаўленыя ліцэнзій. Раней былі пазбаўленыя адвакацкай ліцэнзіі абаронцы Марыі Калеснікавай Людміла Казак і Аляксандр Пыльчанка, абаронца журналіста Андрэя Аляксандрава і расіяніна Ягора Дуднікава Антон Гашынскі і шэраг іншых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі