Дзмітрый Сычоў: Беларусы даволі моцна адрозніваюцца ад рускіх
Зорны расійскі легіянер мінскага “Дынама” распавядае пра тое, чым забаўляецца ў Беларусі, ці лічыць сябе дыджэем і што неабходна для заваявання золата
Дзмітрый Сычоў, некалі самае гучнае імя ў расійскім футболе, прыехаў на матч паміж мінскімі школамі №105 і №60. Сціплы заасфальтаваны стадыён, дзе здарылася падзея, месціцца у прыватным сектары недалёка ад гарадской ДАІ і маскоўскага РУУС: драўляныя жылыя хаты, калонкі з пітной вадой на двары, асфальт пракладзены не паўсюль. Разам з Дзмітрыем Сычовым прыбыў яшчэ адзін паўабаронца “Дынама-Мінск” Аляксандр Данілаў.
Абодвух прадставілі хлопцам і пасадзілі за школьную парту раздаваць аўтографы. Пазней футбалісты пагулялі на асфальце мясцовага стадыёнчыка, пажадалі школьнікам добра вучыцца і зазбіраліся на трэніроўку.
Падыходзім да Дзмітрыя Сычова.
Еўрарадыё: Як ваша здароўе? З-за траўм не атрымалася па-сапраўднаму заззяць у мінскім “Дынама”. Якія ў вас планы?
Дзмітрый Сычоў: Ніколі не было праблем з гэтай мышцай. З-за яе давялося месяц прапусціць. Быў не вельмі добры перыяд, але цяпер усё добра, гуляў апошні матч з “Мінскам”. Шкада, зразумела, што прайгралі. Гатовы гуляць, даказваць і прыносіць карысць.
Еўрарадыё: У Маскве ў вас рэстаран, таксама часам выступаеце як дыджэй. Чым у вольны час займаецеся ў Мінску?
Дзмітрый Сычоў: А яго не так шмат, насамрэч. Кніжкі чытаю. Быў у цырку. Шкада, не дайшоў да тэатраў. Гуляю па парках. Мне цікава з людзьмі кантактаваць, тут вельмі добрыя людзі, чуллівыя, мне дапамагалі.
Еўрарадыё: У футбольных пытаннях?
Дзмітрыйй Сычоў: Не, абсалютна. Гэтыя людзі не звязаныя са спортам.
Еўрарадыё: Ці адрозніваюцца беларусы ад рускіх?
Дзмітрый Сычоў: Адрозніваюцца, даволі моцна. Найперш — у плане зносінаў. Магу параўноўваць з Масквой, дзе я жыў цягам апошніх гадоў. Масква ― гэта горад руху. Усе бегаюць, мітусяцца. А ў Мінску ўсё больш спакойнае, і людзі прасякаюцца гэтай атмасферай. Мінск ― вельмі развіты горад, хоць і не настолькі, як Масква. Але ўсё неабходнае ёсць. Здзіўляе вялікая колькасць спартовых людзей. Па ўсім горадзе катаюцца на роварах. Шмат паркаў і спартовых зон, гэта мяне здзівіла. Мне гэта па душы. Я нават сам прывёз з Масквы веласіпед і тут катаюся.
Еўрарадыё: Умовы трэніровак моцна адрозніваюцца ад “Лакаматыва”?
Дзмітрый Сычоў: Адрозненні ёсць, гэта лагічна. Але ўсё, што патрэбна для нармальнага трэніровачнага працэсу, тут забяспечана на ўзроўні. База, палі ― усё на ўзроўні.
Еўрарадыё: З’явілася інфармацыя, што трэнера Пратасава здымаюць. Як лічыце, ці да месца нейкія змены ў клубе?
Дзмітрый Сычоў: Гэта не наша справа пра гэта разважаць. Вырашае кіраўніцтва. Наша справа ― трэніравацца, перамагаць і даказваць сваёй гульнёй, каб такіх чутак увогуле не з’яўлялася.
Еўрарадыё: ФК “Дынама” ― клуб адносна забяспечаны, з гісторыяй. Але гадамі чагосьці не хапае, каб здабыць золата чэмпіянату, годна выступіць у еўракубках. Чаго не хапае, як вы лічыце?
Дзмітрый Сычоў: Мне складана судзіць, я ў клубе нядаўна. Як развівалася каманда ў апошнія гады, не ведаю. Але патрэбная ў першую чаргу стабільнасць ва ўсім. Стабільнасць і сістэма ― гэта самыя галоўныя паказчыкі, якія прыводзяць да поспеху і золата.
Еўрарадыё: Пішуць, што вы і дыджэй, і…
Дзмітрый Сычоў: Ды гэта проста хобі!
Еўрарадыё: У вас на сайце ёсць раздзелы “Музыка”, “Вершы”…
Дзмітрый Сычоў: Я аматар паэзіі. Дапамагаў сябру выпусціць кнігу. Але сам я ні ў якім разе не паэт. Наконт музыкі, то рабіў падборку гатовых трэкаў. Сапраўдны ж дыджэй музыку стварае. А я на вечарынах проста браў чужыя трэкі і граў. Вось і ўсё.
ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ
Сёння Дзмітрыю Сычову 29 гадоў. Далёка не пенсійны для футбола ўзрост. Калі яму было 18, то прозвішча Сычоў грымела на ўсю спартовую Расію. Ён лічыўся ці не самым перспектыўным футбалістам СНД, абмеркаванні яго кантрактаў грымелі скандаламі.
Дзмітрый, як вядомы гулец, пачынаў са “Спартака”, потым выступаў за марсельскі “Алімпік” і пасля (да мінскага “Дынама”) у маскоўскім “Лакаматыве”. Працяглы час Сычоў быў гульцом зборнай Расіі. А ў мінулым сезоне у Дзмітрыя здарыўся спад. Паўплывалі на гэта, у тым ліку, і траўмы.
“Дынама-Мінск” арэндуе футбаліста да канца сезона. У матчах Чэмпіянату Беларусі Сычову пакуль вызначыцца не ўдалося. Але 15 чэрвеня Дзмітрый мусіць выйсці на гульню з БАТЭ. Жадаем футбалісту ўзнавіцца ад траўмаў, крок за крокам выйсці на топ-узровень.
"Мэрсэдэс" Дзмітрыя Сычова, з омскімі нумарамі. Футбаліст паходзіць з тых краёў.
Злева-направа: настаўнік фізкультуры Валерый Зярненка, Дзмітрый Сычоў, Аляксандр Данілаў
Школьнікі на пабудове перад матчам