Дзве гамяльчанкі абвясцілі галадоўку з камунальных прычын
24 траўня бестэрміновую галадоўку абвясцілі дзве жыхаркі Гомеля — 33-гадовая Алена Грынько і 48-гадовая Аксана Філіпенка, перадае Радыё "Свабода".
Жанчыны падалі ў адміністрацыю Навабеліцкага раёна горада адпаведную заяву. У ёй гаворыцца, што паходы да кіраўнікоў горада, вобласці і нават памочніка прэзідэнта па Гомельскай вобласці не далі выніку. Цяпер галадоўніцы патрабуюць сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Нагодай для акцыі галадоўніц стаў дом №14 вуліцы Урыцкага. Ён не меў капітальнага рамонту ад моманту пабудовы ў 1967 годзе. Жыллёва-камунальная служба замяніла электраправодку без тэхнічнага праекту. Электраэнергія ў будынку перыядычна знікае. Людзі баяцца пажару.
Раней дом належаў чыгунцы. 90 адсоткаў кватэраў у ім прыватызаваныя. Калі горад прыняў дом у гарадскую камунальную ўласнасць, то зрабіў яго інтэрнатам. Прыватызаваную кватэру Алены Грынько раённая адміністрацыя праз суд пакінула без кухні, ванны, прыбіральні і патрабуе цяпер выкупіць усё гэта за 18,7 тысячы рублёў. Пры гэтым маладая сям’я мае ў кватэры дваіх інвалідаў — сына і састарэлую маці Алены.
Жыхары дома не могуць заключыць наўпроставыя дамовы з энергетыкамі на забеспячэнне кватэраў, бо раённае камунальнае прадпрыемства гэта зрабіла ад свайго імя як для інтэрната.
Галадоўніцы лічаць, што дзейнічаюць карупцыйныя схемы для ўзбагачэння камунальнікаў за кошт жыхароў.