Дзве гродзенкі вярнулі ў банк памылкова выдадзеныя 900 долараў
Банк абяцае ўзнагародзіць іх за добрасумленнасць.
Дзве жанчыны самастойна вярнулі ў банк 900 долараў, якія ім напярэдадні памылкова выдаў касір у абменніку.
Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося 17 жніўня ў адным з абменнікаў Гродна. Міліцыя размясціла абвестку ў інтэрнэце і прапанавала жанчынам добраахвотна вярнуць грошы.
У абменніку ў Гродне касір выдаў дзвюм жанчынам лішнія 900 долараў (відэа)
Як паведамляе сайт гродзенскай абласной міліцыі, праз паўгадзіны пасля размяшчэння навіны ў інтэрнэце жанчыны самі затэлефанавалі да праваахоўнікаў. Жанчыны кажуць, што даведаліся пра лішнюю суму ў кашальку, калі пабачылі сябе ў інтэрнэце. Таксама міліцыянтам тэлефанавалі іншыя грамадзяне, якія апазналі жанчын на відэа.
Паведамляецца, што супрацоўнікі банка ўзнагародзяць гродзенак за сумленнасць.
Дарэчы, калі б яны не вярнулі грошы добраахвотна, то ім пагражала б крымінальная адказнасць.