Дзякуючы кітайскаму аўтапраму ў Беларусі пачалі расці продажы новых аўто
Лідарам продажаў застаецца аўтабрэнд Geely / @gcby_news
За першыя 6 месяцаў 2023 года ў Беларусі было прададзена амаль на чвэрць машын менш (мінус 23,5%), чым за аналагічны перыяд летась, падлічылі ў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА). Дылеры здолелі рэалізаваць за гэтыя паўгода 8046 аўтамабіляў. Пры гэтым больш за 2 тысячы аўто было прададзена ў чэрвені. І гэта на 24,3%, больш чым у траўні, адзначаюць у БАА. Там таксама кажуць аб яшчэ адной станоўчай тэндэнцыі: больш стала прапанова, на рынку з'явіліся новыя маркі і мадэлі.
"Калі ў канцы восені 2022 года колькасць прадаваных мадэляў была менш за 30, то зараз перавышае 40", — адзначылі ў БАА. Пры гэтым там нагадалі, што да сыходу аўтабрэндаў з беларускага рынку беларусы маглі выбіраць з 60 мадэляў. Так было яшчэ ў чэрвені 2022-года.
Пры гэтым часцей за ўсё набываюць аўтамабілі брэнда Geely. Яго доля на рынку трымаецца на узроўні 79% на працягу ўсяго другога квартала. Гэта кітайскі брэнд, але аўто збіраюцца на беларускай пляцоўцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.