Дзяржзакупка года: робат-кавамашына з віктарынай пра газ за 19 тысяч рублёў
Промаробат / nanojam.ru
"Магілёўаблгаз" за 19 тысяч рублёў закупляе робата-кавамашыну "з аніматроннай рукой". Ён патрэбны, каб гатаваць каву для людзей, якія будуць праходзіць віктарыну "пра бяспечную эксплуатацыю бытавога газавага абсталявання". Робат будзе падзываць людзей і гуляць з імі. А калі яны будуць памыляцца — будзе сумаваць і сварыцца.
У "Магілёўаблгазе" Еўрарадыё расказалі, што ідэя робата-кавамашыны ім прыйшла падчас энергетычнага форуму ў Мінску.
"Там быў прадстаўлены беларускі робат. Вядома, тэхнічна ён нашмат круцейшы, чым той, якога мы заказалі. Вось мы яго ўбачылі, і нарадзілася ідэя праз робата навучаць насельніцтва. Праз веданне — да кавы. Рабатызаваная сістэма — гэта наогул будзе шыкоўна!
Першапачаткова мы задумаліся: што падабаецца людзям? Каб, па-першае, яны навучыліся. Па-другое, кава як бонус. Ну і, натуральна, сучасны дызайн!" — растлумачыў Еўрарадыё задумку прадстаўнік "Магілёўаблгаза" Дзмітрый Місееў.
Большую частку часу робат будзе стаяць у будынку прадпрыемства, але плануюцца і выезды на мерапрыемствы. Тэндар ужо прайшоў — пераможца вызначаны, але назва кампаніі пакуль не агучваецца.
Плануецца, што заказаны робат будзе сабраны да канца лютага.
Робат павінен умець радавацца, калі чалавек правільна адказвае на пытанне, і сварыцца ці сумаваць, калі адказ няправільны. У выпадку памылак ён будзе расказваць пра правілы эксплуатацыі газавага абсталявання і даваць парады на будучыню. Эмоцыі робат будзе выражаць анімаваным тварам, а каб падзываць наведвальнікаў, у яго будзе рухомая рука.
Калі чалавек пройдзе віктарыну — робат павінен пацікавіцца, які від кавы ён хоча атрымаць ва ўзнагароду, і наліць адпаведны напой у кубачак.
Магчымасці атрымаць каву, не прайшоўшы віктарыну, не будзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.