Экацыд: уварванне Расіі ва Украіну можа выклікаць экалагічную катастрофу
Пажар пасля абстрэлу нафтасховішча / УНИАН
Вайна ва Украіне доўжыцца амаль два месяцы. Увага ўсяго свету прыкаваная да разбурэнняў гарадоў і масавых забойстваў, а таксама да гуманітарнай катастрофы. Але ёсць яшчэ як мінімум адна непрыкметная ахвяра расійскага ўварвання — экалогія. І праблемы з ёй не ведаюць межаў, таму негатыўны ўплыў можа адчуць на сабе ўся Еўропа.
Ланцуговая рэакцыя
Адна з асноўных небяспек звязаная з тым, што Украіна, а асабліва ўсходнія рэгіёны, мае мноства прамысловых прадпрыемстваў. А дзе прамысловасць — там і яе адходы, якія трэба правільна захоўваць.
Напрыклад, група экспертаў пад эгідай АБСЕ яшчэ ў кантэксце канфлікту на Данбасе звяртала ўвагу на небяспеку выкідаў з хімічных прадпрыемстваў Украіны. Напрыклад, коксахімічны завод у Аўдзееўцы — амаль што на мяжы так званай "ДНР" — і іншыя падобныя, у якіх ёсць свае сховішчы з адходамі.
Фактычна сёння хімічнае прадпрыемства ў выпадку пашкоджання можа стаць страшнейшым за любую бомбу. Напрыклад, расіяне некалькі разоў пападалі ў цыстэрны з азотнай кіслатой каля Рубежнага (Луганская вобласць), у выніку адбываўся сур'ёзны выкід рэчываў у паветра — што таксама вельмі небяспечна. А ў пачатку сакавіка, напрыклад, снарад трапіў у склад з пенаполіўрэтанам пад Кіевам. Гэта, упэўненыя ва ўкраінскай арганізацыі "Екодія", можа прывесці не толькі да прамых атручэнняў, але і да кіслотных дажджоў.
Кожнае пападанне расійскіх снарадаў у заводы або нафтабазы наносіць шкоду экалогіі, якую не толькі прырода, але і людзі будуць адчуваць гадамі.
Атрутныя снарады
Самі снарады, як і вайсковая тэхніка, нясуць смерць не толькі людзям, але і прыродзе. Разлітае паліва забруджвае глебу і грунтавыя вады, а адпрацаваная зброя пакідае пасля сябе цяжкія металы.
"Ад выбухаў снарадаў і бомбаў парушаецца рэльеф, разбураюцца і прасядаюць глебы, выводзяцца са строю значныя масівы ворнай зямлі, адбываюцца падтапленні ўчасткаў, знішчаецца прыроднае асяроддзе пражывання асобных папуляцый. Хімічныя злучэнні, якія змяшчаюцца ў боепрыпасах, забруджваюць паветра і ваду. У раёне актыўных баёў глебы масава забруджваюцца гаруча-змазачнымі матэрыяламі, металічнымі аскепкамі ад снарадаў і мін, а таксама збедненым уранам, які выкарыстоўваецца для падвышэння бранябойнай здольнасці некаторых боепрыпасаў. Гэтыя глебы яшчэ доўга могуць быць непрыдатнымі для сельскай гаспадаркі", — папярэджвае ўкраінскі партал "ЭкоПолитика".
Рызыкі — не толькі ў забруджванні палівам і снарадамі. Узрастаюць рызыкі лясных пажараў, а ў часе баявых дзеянняў аператыўна гасіць узгаранні праблематычна — таму агонь можа сур'ёзна пашкодзіць лесу. А лес — важная частка экасістэмы. А калі гэта забруджаны лес у зоне адчужэння — тады ўсё яшчэ больш сур'ёзна.
Экацыд
І ў выніку абстрэлаў, і проста ад голаду ва Украіне гінуць жывёлы. Напрыклад, у Чарнабаеўцы праз дзеянні расіян на птушкафабрыцы загінулі чатыры мільёны (!) курэй. Гэта сур'ёзны выклік экалогіі Херсонскай вобласці і не толькі. Па-першае, цярпіць біяразнастайнасць, а па-другое, мноства забітых жывёл так і застаюцца на палях і ў лясах, што можа быць небяспечным для прыроды і чалавека.
Запаведныя тэрыторыі з унікальнымі раслінамі, жывёламі і птушкамі таксама цярпяць — частка знаходзіцца пад кантролем расійскіх вайскоўцаў. І там з'яўляюцца не толькі паліва і адходы вайсковай тэхнікі, але і банальнае смецце — калі не згадваць пра высечкі лясоў у сваіх мэтах.
Ваенныя дзеянні прыводзяць да забруджванняў і грунту, і вады, і паветра. Шкодныя рэчывы, узнятыя ў паветра, могуць накіравацца куды заўгодна — з непрадказальнымі наступствамі. Дакладна гэтаксама і з вадой.
Пра АЭС не згадвалі спецыяльна: небяспека здарэнняў на атамных станцыях відавочная і пра яе гавораць усе. Пакуль што, на шчасце, МАГАТЭ ўпэўненае ў адсутнасці сур'ёзных рызык. Але ў выпадку надзвычайнага здарэння (гэтага нельга выключаць) наступствы могуць быць жахлівыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.