МАГАТЭ ўхілілася ад праблемы: супрацоўнік Запарожскай АЭС пра ядзерную пагрозу
Запароская АЭС спраектаваная без уліку ваенных дзеянняў / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Праз перабоі з электрычнасцю на Запарожскай АЭС можа адбыцца ядзерная катастрофа. Супрацоўнікі АЭС вымушаныя працаваць ва ўмовах акупацыі і не могуць гарантаваць бяспекі станцыі.
Еўрарадыё даведалася ў спецыяліста Запарожскай АЭС, чым небяспечныя перабоі з электрычнасцю і як працуе станцыя з Расгвардыяй на прахадной.
У звычайны час Запарожская АЭС ва ўкраінскім горадзе Энергадар мае чатыры лініі высокага напружання, адкуль атрымлівае электрычнасць, і адну рэзервовую. Праз баявыя дзеянні сувязь з трыма лініямі была абарваная. Адну з іх удалося аднавіць увечары 18 сакавіка, паведамляе Дзяржаўная інспекцыя ядзернага рэгулявання Украіны.
"Праблема нават не таму, што тут рускія войскі"
Аднак застаецца сур'ёзная пагроза ядзернай бяспекі, таму што падача электрычнасці можа ў любы момант спыніцца, паведамляе супрацоўнік станцыі Мацвей (імя змененае). Пры гэтым расказаць усё пра працу АЭС наш суразмоўнік не можа. Ёсць рызыка, што звесткі выкарыстае ў сваіх інтарэсах расійскі бок.
— У нас праблемы са знешнімі сувязямі. Праз гэта могуць паўстаць дрэнныя рэчы. Нават не таму, што тут рускія войскі знаходзяцца, — кажа Мацвей. — Каб рэактар быў у бяспечным стане, яму трэба пастаяннае ахаладжэнне, незалежна ад таго, у рабоце ён ці не. Трэба прапампоўваць ваду для ахаладжэння. Для гэтага патрэбна электраэнергія. Калі яе не будзе, будуць вялікія праблемы. Больш расказаць не магу.
Калі ўзяць станцыю ў цэлым, з ёй асаблівых праблем няма. З шасці блокаў цяпер два ў рабоце, адзін у рамонце і тры спыненыя. З сухім сховішчам ядзерных адходаў таксама праблем няма — туды не трапілі.
Частка энергаблокаў была спыненая ў мэтах бяспекі і праз тое, што энергаспажыванне ва Украіне знізілася ў часе вайны.
У горшым выпадку праз перабой знешніх сувязяў можа адбыцца разбурэнне актыўнай зоны рэактара, што прывядзе да ядзернай аварыі, адзначае суразмоўнік.
— Рэактары ў нас адрозніваюцца, напрыклад, ад Чарнобыльскай станцыі. Сам праект лепшы, але ўсё было спраектавана без уліку ваенных дзеянняў. Не думаю, што наступствы будуць такія, як у Чарнобылі. У той жа час нічога добрага з гэтага не выйдзе.
Выбух наўрад ці будзе. Выкід [радыеактыўных рэчываў. — Еўрарадыё] цалкам магчымы. Калі ўсё пойдзе па дрэнным сцэнары, будзе ў нас як мінімум трое сутак [каб стрымліваць катастрофу. — Еўрарадыё]. Далей невядома, што будзе.
"Што рабіць? Хацелася б, каб скончылася вайна"
Дапамагчы супрацоўнікам станцыі ў часе вайны немагчыма, падкрэслівае Мацвей.
— Што рабіць? Хацелася б, каб скончылася вайна. У мірны час такой сітуацыі не было б адназначна. Цяпер у нас палова Запарожскай вобласці знаходзіцца пад акупацыяй. У тым ліку і горад Энергадар. Адпаведна, шмат чаго мы проста фізічна не можам зрабіць. Пакуль вайна не скончыцца, праблему мы не вырашым.
Што да працы самога персаналу станцыі, яе абслугоўваюць украінскія спецыялісты. У іх ёсць магчымасць хадзіць на выходныя і змяняць адно аднаго.
— Эксплуатацыйны персанал працуе па штатным графіку. Персанал, які не заняты працай або не патрабуецца яго прысутнасці на АЭС, — выведзены на хатняе дзяжурства.
Можна нават звязвацца з вонкавым светам без кантролю з боку акупантаў. Аднак праз праблемы з інтэрнэтам гэта магчыма не заўсёды. Рэальна паведамляць Міжнароднаму агенцтву па атамнай энергіі (МАГАТЭ) пра стан спраў на АЭС, але арганізацыя па факце ўхілілася ад праблемы, кажа Мацвей.
— Адзіная яе рэакцыя — мы правядзём інспекцыі на ўсіх АЭС Украіны.
Праца на станцыі практычна нічым не адрозніваецца ад мірнага часу, калі не лічыць "псіхалагічнага клімату".
— На прахадной замест нашай Нацгвардыі стаіць Расгвардыя. Мабільныя на станцыі забаранілі. Па горадзе таксама стараемся хадзіць без іх. "Расатам" пакуль у працы ніяк не фігуруе. Ведаю, што яны ёсць на станцыі. Пакуль проста назіраюць.
У той жа час жыццё ў акупаваным горадзе становіцца цяжэйшым.
— Пачалі паціху прэсаваць мясцовае насельніцтва. Раней не чапалі, але цяпер пачынаецца збіццё мясцовага насельніцтва, адціскаюць машыны. Оркі галодныя, іх "кіраўнік" пасадзіў на самазабеспячэнне. Таму ім даводзіцца неяк выкручвацца. Праз гэта пачынаюцца рабаванні мясцовых жыхароў.
Пагроза новай Фукусімы
Па звестках Дзяржаўнай інспекцыі ядзернага рэгулявання Украіны, адноўлена была высакавольтная лінія магутнасцю 750 кілавольтаў. З улікам гэтай лініі і той, якая была дзейнай, станцыя пакуль не застаецца без электрычнасці.
— Нягледзячы на тое, што расійскія танкі там ездзяць, ці працуе тая ці іншая лінія перадач, гэта зусім дакладна Украіна ведае. 750 кілавольт — гэта велізарнай магутнасці лінія, — кажа фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.
Калі апаскі работнікаў станцыі спраўдзяцца і АЭС будзе абясточаная, то свет акажацца пад пагрозай цяжкай радыяцыйнай аварыі. Накшталт той, якая адбылася на Фукусіме.
— Там у выніку землятрусу сталі непрацаздольныя лініі электраперадачы. Пры гэтым рэактары штатна былі заглушаныя. Гэта азначае, што асноўная крыніца цеплавой энергіі знікла, але застаецца так званае рэшткавае цеплавыдзяленне.
Гэтае выдзяленне цяпла — адсоткі ад намінальнай магутнасці. Проста намінальная магутнасць велізарная, таму гэта значная велічыня. Менавіта таму патрабуецца дадатковая крыніца энергіі, каб прапампоўваць ваду праз актыўную зону рэактара.
Калі гэтага не адбываецца, то рэактары разаграваюцца. Праз гэта можа адбыцца расплаўленне актыўнай зоны рэактара, як здарылася ў Японіі.
— Неабавязковае перарастанне ў цяжкую аварыю. Калі даволі хутка адновіцца электразабеспячэнне, гэтага можна ўнікнуць. Калі ўключаюцца рэзервовыя дызель-генератары, гэтага таксама можна ўнікнуць.
Вайна сама па сабе агідная рэч. Вайна ў краіне, нашпігаванай атамнымі станцыямі, адрозніваецца ад звычайнай тым, што ў выпадку ўцечкі радыяцыі катастрофа створыць праблемы вельмі надоўга, — заключае Андрэй Ажароўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.